Навигатор: Новости

12-13 красавіка 2011 г. Прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы прыняў удзел у філасофска-багаслоўскай канферэнцыі ў Кракаве

20 апреля 2011

12-13 красавіка 2011 г. Прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы прыняў удзел у філасофска-багаслоўскай канферэнцыі ў Кракаве

12-13 красавіка 2011 г. у Вышэйшай філасофска-педагагічнай школе “Ignatianum” (Кракаў, Польшча) прайшла міжнародная філасофска-багаслоўская канферэнцыя з цыклу “У крузе пытанняў аб чалавеку”. Удзел у традыцыйным форуме бралі прадстаўнікі навуковых гуманітарных колаў з Польшчы, Славакіі, Германіі, Беларусі.

Паводле благаславення Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта з дакладам на тэму “Антрапалагічная праблематыка ў сацыяльным вучэнні Рускай Праваслаўнай Царквы” на канферэнцыі выступіў клірык Свята-Петра-Паўлаўскага сабора г. Мінска іярэй Юрый Залоска.

Антрапалагічная праблематыка ў

сацыяльным вучэнні Рускай Праваслаўнай Царквы

У 2000 г. Архіерэйскі Сабор Рускай Праваслаўнай Царквы прыняў дакумент пад назвай «Асновы сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы», а ў 2008 г. — дакумент «Асновы вучэння Рускай Праваслаўнай Царквы аб годнасці, свабодзе і правах чалавека», які з’яўляецца развіццём і паглыбленнем першага ў аспекце праваслаўнай інтэрпрэтацыі праблематыкі правоў чалавека[1]. Дадзены артыкул, прысвечаны тэме сучаснага царкоўнага вучэння аб правах чалавека, базуецца на гэтых дзвюх крыніцах.

Пазіцыя Праваслаўнай Царквы адносна разумення правоў чалавека заслугоўвае ўвагі, паколькі сама тэорыя правоў чалавека і практыкі іх ажыццяўлення ў сучасным грамадстве ўяўляюць актуальную праблему. Мэтай гэтага артыкула з’яўляецца прадстаўленне інтэрпрэтацыі годнасці, свабоды і правоў чалавека ў сацыяльным вучэнні Рускай Праваслаўнай Царквы і прапанаваныя вырашэнні біяэтычнай праблематыкі.

1. Маральная інтэрпрэтацыя годнасці чалавека.

Дакумент 2008 г. раскрывае годнасць чалавека як асновалеглую рэлігійна-маральную катэгорыю, што знаходзіцца ля падстаў хрысціянскай антрапалогіі і тэорыі правоў чалавека[2] Годнасць чалавека тлумачыцца тэалагічна, праз трансцэндэнтнае аднясенне чалавечага існавання і прыроды, створанай паводле вобразу і падабенства Божага[3]. Анталагічная сувязь з Богам з’яўляецца падставай таго, што «чалавечая прырода мае непазбыўную годнасць»[4] Праваслаўная тэалогія адрознівае два аспекты годнасці чалавека: анталагічны і дынамічны. Як вынік стваральнага Божага акту годнасць непазбыўная, як непазбыўны вобраз Божы ў чалавеку, і азначае быццёвую вартасць чалавека. Аднак жыццё, адпаведнае годнасці (падабенства Божае) з’яўляецца заданнем, за якое чалавек нясе маральную

адказнасць. «Ва ўсходняй хрысціянскай традыцыі паняцце «годнасць» мае пайперш сэнс маральны, а ўяўленне аб тым, што ёсць годнае ці не годнае, моцна звязана з маральнымі ці немаральнымі ўчынкамі чалавека і ўнутраным станам яго душы»[5]. Такім чынам, рэалізацыя годнасці атаясамліваецца з рэалізацыяй дабра і маральных цнот.

Годнасць чалавека праяўляецца ў факце прысутнасці ў кожным чалавеку маральнага пачатку, які мы распазнаём у голасе сумлення»[6]. Маецца на ўвазе натуральнае маральнае права, якое мы адкрываем праз сумленне. Дакумент 2000 г. пазітыўна ацэньвае тэорыю натуральнага права[7]. Менавіта натуральнае права разам з аб’яўленым законам Божым паказваюць чалавеку годны шлях рэалізацыі сваёй прыроды як шлях рэалізацыі дабра. Пагэтаму паміж годнасцю чалавека і маральнасцю існуе непасрэдная сувязь[8]. Адсюль вынікае асабістая адказнасць. «У Праваслаўі нязменна прысутнічае перакананне аб тым, што грамадства, будуючы зямное жыццё, павінна ўлічваць не толькі чалавечыя інтарэсы і жаданні, але і праўду Божую, г. зн. дадзенае Стваральнікам адвечнае маральнае права, якое дзейнічае ў свеце незалежна ад таго, ці адпавядае яму воля асобных людзей ці чалавечых супольнасцей. Гэтае права, замацаванае ў Свяшчэнным Пісанні, для праваслаўнага хрысціяніна вышэйшае ад якіх-кольвек іпшых пастаноў, паколькі згодна з ім Бог будзе судзіць чалавека і народы перад Сваім Прастолам (Адкр. 20: 12)»[9] Такім чынам, маральнасць з’яўляецца быццёва першаснай каштоўнасцю ў чалавечым жыцці. Інстытут правоў чалавека ўзнікае на грунце натуральнага маральнага права[10] 2. Інтэрпрэтацыя свабоды і правоў чалавека.

Дакумент 2008 г. нагадвае, што хрысціянская традыцыя адрознівае дзве свабоды: свабоду самавызначэння, ці выбару, і свабоду самога жыцця як жыцця ў дабры і ісціне[11]. Чалавек пакліканы да здзяйснення выбару дабра. Свабода выбару павінна служыць спаўненню жыцця ў дабры. «Сапраўды вольным з’яўляецца той, хто ідзе шляхам праведнага жыцця і шукае еднасці з Богам — крыніцай абсалютнай ісціны. Наадварот, злоўжыванне свабодай, выбар падманнага, амаральнага ладу жыцця ўрэшце рэшт разбурае саму свабоду выбару, бо вядзе волю да зняволення грахом. Толькі Бог, з’яўляючыся крыніцай свабоды, можа падтрымліваць яе ў чалавеку <...> Прызнаючы каштоўнасць свабоды выбару, Царква сцвярджае, што гэткая непазбежна знікае, калі выбар робіцца на карысць зла. Зло і свабода несумяшчальныя»[12] Паводле цытаванага дакументу, «слабасць інстытута правоў чалавека — у тым, што ён, абараняючы свабоду выбару, усё менш і менш улічвае маральнае вымярэнне жыцця і свабоду ад граху»[13]. У сувязі з гэтым Праваслаўная Царква лічыць, што «недапушчальна ўводзіць у галіну правоў чалавека нормы, якія размываюць ці адмяняюць як евангельскую, так і звычайную мараль»[14], г. зн. аборты, эўтаназію, выкарыстане эмбрыёнаў чалавека ў медыцыне, кланіраванне і інш. «На жаль, у грамадстве з’яўляюцца заканадаўчыя нормы і палітычныя практыкі, якія не толькі дазваляюць падобныя дзеянні, але і ствараюць умовы для іх навязвання ўсяму грамадству праз сродкі масавай інфармацыі, сістэмы адукацыі і аховы здароўя, рэкламу, сферу гандлю і паслуг. Больш за тое, веруючыя людзі, якія лічаць падобныя з’явы грахоўнымі, прымушаныя прызнаваць дапушчальнасць граху альбо падвяргаюцца дыскрымінацыі і пераследам»[15]. Выснова такая: «Рэалізацыя правоў чалавека не павінна адбывацца ў канфлікце з богаўстаноўленымі маральнымі нормамі і заснаванай на іх традыцыйнай маральнасцю»[16] Дакумент таксама звяртае ўвагу на тое, што для многіх веруючых людзей ідэя свабоды не з’яўляецца абсалютам, бо ў рэлігійным жыцці свабода абмежавана веравучэннем і маральным кодэксам. Рэалізацыю індывідуальнай свабоды абмяжоўвае таксама грамадскі кантэкст, які вымагае ад асобы адказнасці за свае ўчынкі[17] Асаблівая ўвага Праваслаўнай Царквы скіравана сёння на юрыдычныя і маральныя аспекты абортаў, эўтаназіі, эксперыментаў над эмбрыёнамі, пакарання смерцю, самагубства, вайны, нацыянальнай і рэлігійнай ідэнтычнасці ва ўмовах глабалізацыі, свабоды сумлення і веры.

У дакуменце 2008 г. пададзена іерархія правоў чалавека паводле праваслаўнай інтэрпрэтацыі[18]. Як падаецца, праваслаўная думка адштурхоўваецца тут ад тэорыі натуральнага права, хоць у тэксце няма адпаведных спасылак[19]. Няма таксама спасылак на «Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека» 1948 г. Дакумент 2008 г. у якасці галоўнага права чалавека называе права на жыццё[20]. Пагэтаму дакумент асуджае ўсякія спосабы гвалтоўнага пазбаўлення жыцця: аборты, самагубства і эўтаназію як «сумесь забойства і самазабойства»[21]. Адносна праблемы смяротнага пакарання дакумент абмяжоўваецца заўвагай наконт таго, што Царква павінна хадайничаць за асуджаных на смерць.

Права на жыццё належыць чалавеку ад моманту зачацця. «Усялякі замах на жыццё чалавечай асобы, якая фарміруецца, з’яўляецца парушэннем гэтага права <...>. Логіка абароны чалавечага жыцця павінна распаўсюджвацца на яе адрэзак ад моманту зачацця да з’яўлення на свет»[22] Наступныя названыя правы асобы — свабода сумлення, свабода слова, свабода творчасці, права на адукацыю, грамадзянскія, палітычныя і грамадска-эканамічныя правы. «Грамадская вартасць і эфектыўнасць сістэмы правоў чалавека залежаць ад таго, у якой ступені ён стварае ўмовы для ўзрастання асобы ў годнасці, нададзенай Богам, і спалучана з адказнасцю чалавека за свае ўчынкі перад Богам і бліжнімі»[23]. Звяртаецца ўвага на недапушчальнасць татальнага кантролю з боку ўладных структур і інфармацыйных эліт за прыватным жыццём і светапоглядам людзей. «Метады збору і апрацоўкі інфармацыі не павінны прыніжаць чалавечую годнасць і ператвараць чалавека з суб’екта грамадскіх адносін у аб’ект машыннага кіравання. Яшчэ болей небяспечным для свободы чалавека стане ўкараненне такіх тэхнічных сродкаў, якія стала суправаджаюць чалавека альбо неаддзялімыя ад яго цела, калі іх можна будзе выкарыстоўваць для кантролю над асобай і кіравання ёю»[24] Як вядома, у міжнародным праве сёння дамініруе ліберальная традыцыя правоў чалавека. Яе несумненная заслуга — акцэнтаванне суб’ектнасці асобы ў грамадскіх справах. Аднак у гэтай традыцыі адбылася пэўная абсалютызацыя індывідуальнай свабоды, насуперак аб’ектыўным вымаганням чалавечай прыроды, у прыватнасці, у аспекце біялагічна-полавым. Праваслаўная тэалогія ў апошні час палемізуе якраз з ліберальнымі канцэпцыямі чалавека і права[25] 3. Вырашэнні біяэтычнай праблематыкі.

У дакуменце 2000 г. змешчаны раздзел пад назвай «Праблемы біяэтыкі». Ён мае канкрэтны характар.

Праваслаўная пазіцыя адносна абортаў адзначана вышэй. Асуджаючы аборты, дакумент 2000 г. улічвае і адно выключэнне, калі за здзяйсненне аборта жанчына не падвяргаецца кананічнаму спагнанню. Гэта такая сітуацыя, калі захаванне цяжарнасці нясе пагрозу самаму жыццю жанчыны, асабліва пры наяўнасці ў яе іншых дзяцей[26] Здзяйсненне аборта пры нязгодзе на тое мужа можа з’яўляцца падставай для развода з пункту гледжання царкоўнага права[27] Дапушчальнасць сродкаў кантрацэпцыі абумоўлена тым, маюць яны абартыўнае дзеянне ці не.

Адносна рэалізацыі г. зв. рэпрадукцыйных правоў адзначаецца, што ў фармаце сям’і з маральнага пункту гледжання непрымальныя маніпуляцыі з полавымі клеткамі, крыніцай каторых з’яўляецца трэці бок. У такіх выпадках парушаецца выключны характар і недатыкальнасць сужэнскага саюзу. Рэалізацыя падобным спосабам рэпрадукцыйных правоў людзей адзінокіх ці маючых нетрадыцыйную сексуальную арыентацыю таксама маральна заганная, паколькі парушаецца права дзяцей мець маці і бацьку. Непрымальнае таксама сурагатнае мацярынства, нават калі ажыццяўляецца на некамерцыйнай аснове. «Пашыраныя ўмяшанні ў працэс зачацця жыцця ўяўляюць пагрозу для духоўнай цэласнасці і фізічнага здароўя асобы. Пад пагрозай аказваюцца адносіны паміж людзьмі, якія спрадвеку ляжаць ля падстаў грамадства»[28] Маральна непрымальныя ўсялякія спосабы экстракарпаральнага апладнення, пря якіх адбываюцца маніпуляцыі і гібель эмбрыёнаў чалавека.

Непрымальнае кланіраванне людзей, паколькі «чалавек не мае права прэтэндаваць на ролю стваральніка сабе падобных істот ці выбіраць для іх генетычныя прататыпы, акрэсліваючы іх асобасныя характарыстыкі паводле свайго меркавання»[29]. Задума кланіравання накіравана супраць асобаснай структуры чалавека, праява якой — унікальнасць і свабода кожнага чалавека. Акрамя таго, кланіраванне пагражае структуры звыклых сямейных і родавых сувязей. I наадварот, не з’яўляецца замахам на годнасць асобы кланіраванне паасобных клетак ці тканак з медыцынскімі мэтамі[30] Адносна транспланталогіі — тэорыі і практыкі перасадкі органаў і тканак — Праваслаўная Царква сцвярджае, што нельга разглядаць органы чалавека як прадмет куплі і продажу. «Перасадка органаў ад жывога носьбіта можа грунтавацца толькі на свабодным самаахвяраванні з мэтай выратавання жыцця другога чалавека»[31]. Сам патэнцыяльны даўца органа павінен валодаць поўнай інфармацыяй пра магчымыя наступствы для яго здароўя акта эксплантацыі [пазбаўленне чалавека органаў ці/і тканак, дзеянне, процілеглае імплантацыі — Church.by]. Калі існуе пагроза жыццю, эксплантацыя маральна непрымальная[32] Недапушчальная эксплантацыя органаў ад памерлых людзей, пакуль дакладна не канстатаваны момант смерці. Тым болей недапушчальна паскараць смерць чалавека з мэтай эксплантацыі яго органаў. Маральнай асновай пасмяротнай эксплантацыі з’яўляецца прыжыццёвая згода на тое самога носьбіта[33]. Існаванне такой згоды можа быць устаноўлена і пры дапамозе сведчанняў блізкіх асоб памерлага. Праваслаўная Царква лічыць непрымальным юрыдычны прынцып прэзумпцыі згоды патэнцыяльнага даўцы органаў, паколькі ў такім выпадку парушаецца свабода асобы[34] Адной з маральных умоў трансплантацыі з’яўляецца захаванне асобаснай і полавай ідэнтычнасці рэцыпіента[35] Праблема трансплантацыі звязана з праблемай дакладнай канстатацыі моманту смерці. Царква крытычна ацэньвае практыку штучнага захавання жыцця, калі акт смерці пачынае залежаць ад рашэння ўрача. Праваслаўная Царква прымае традыцыйнае разуменне смерці як аддзяленне душы ад цела. Захаванне жыцця пагэтаму датычыць дзеяння арганізма як адзінаго цэлага[36]. У сувязі з гэтым штучнае захаванне жыцця паасобных тканак ці органаў «не можа быць разглядана як неабходнае і заўжды жаданае заданне медыцыны»[37]. Калі актыўная тэрапія становіцца безвыніковай, то яна павінна замяняцца тэрапіяй паліятыўнай (абязбольваннем) і пастырскай апекай над паміраючай асобай.

Царква займае адмоўную пазіцыю адносна эўтаназіі, паколькі яна ўяўляе сабой форму забойства альбо самазабойства, у залежнасці ад ініцыятывы пацыента ці ўрача. Эўтаназія супярэчыць маральнаму падмурку медыцыны, якім з’яўляецца абарона жыцця[38] У заключнай частцы раздзела асвятляецца пазіцыя Праваслаўнай Царквы адносна гомасэксуалізму. Царква не прымае інтэрпрэтацыі гэтай з’явы як «індывідуальнай прыроднай схільнасці»[39]. Царква нязменна сцвярджае, што рэалізацыя чалавечай прыроды ў сексуальным аспекце ёсць шлюбны саюз мужчыны і жанчыны. Сексуальныя збачэнні нельга юрыдычна трактаваць нароўні з ім[40]. Гомасэксуалізм, паводле дакумента, з’яўляецца «пашкоджаннем чалавечай прыроды» і грахом. Пагэтаму Царква выступае супраць прапаганды гомасэксалізму як грамадскай нормы і ўзору для пераймання. Прыхільнікам гомасэксуалізму павінна быць забаронена праца сярод дзяцей, моладзі, у войску і пенітэнцыярных установах[41] 4. Заключэнне.

Аналізуючы царкоўныя дакументы, можна зрабіць выснову, што суб’ектнасць асобы у іх трактуецца найперш маральна — як адказнасць чалавека за свае ўчынкі перад сумленнем і Богам. Голас сумлення (натуральнае маральнае права) наказвае чалавеку рабіць дабро і пазбягаць зла. У гэтым пункце пазіцыя Праваслаўнай Царквы падобная да каталіцкага маральнага вучэння. Праблематыка правоў чалавека і біяэтыкі разглядаецца ў святле маральных прынцыпаў, найперш — натуральнага права. Галоўным крытэрыем канкрэтных рашэнняў у галіне правоў чалавека для Праваслаўнай Царквы з’яўляецца абарона чалавечага жыцця і яго годнасці, пачынаючы ад моманту зачацця і заканчваючы смерцю. Нязменнымі вартасцямі застаюцца трансцэндэнтная годнасць чалавека, яго асабістая свабода і адказнасць, а таксама сям’я ў традыцыйным разуменні.

Літаратура:

1. Основы социальной концепции Русской Православной Церкви [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://раtriarhia.ru/db/print/419128.html. — Дата доступа: 09.02.2011.

2. Основы учения Русской Православной Церкви о достоинстве, свободе и правах человека [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://раtriarhia.ru/db/print/428616.html. — Дата доступа: 09.02.2011.

3. Кирилл (Гундяев), митрополит Смоленский и Калининградский. Свобода и

ответственность: в поисках гармонии. Права человека и достоинство личности. — Москва: Отдел внешних церковных связей Московского Патриархата, 2008.

4. Филарет (Вахромеев), Митрополит Минский и Слуцкий, Патриарший Экзарх всея Беларуси. Православное учение о человеке // Православное учение о человеке / Избранные статьи. — Москва; Клин: Синодальная Богословская Комиссия, издательство «Жизнь с Богом», 2004. — С. 5–17.

5. Чаплин Всеволод, протоиерей. Нравственность в Церкви и вне ее: православный взгляд в условиях меняющегося общества // Православное ученые о человеке / Избранные статьи. — Москва; Клин: Синодальная Богословская Комиссня, издательство «Жизнь с Богом», 2004. — С. 402–414.

6. Katechizum Kośioła Katolickiego. — Poznań: Wydawnictwo Pallotinum, 1994.

7. Кrąpiec M. O ludzką politykę. — Lublin: Redakcja Wydawnictw Katolickiego Uniwersytetu Lubelskiego, 1998.

8. Кrąpiec M. Człowiek i prawo naturalne. — Lublin: Towarzystwo Naukowe Katolickiego Uniwersytetu Lubelskiego, 1975.

9. Substancja. N atura. Prawo naturalne: Zadania współczesnej metafizyki. 8 / Red. A. Maryniarczyk, K. Stępień, P. Gondek. — Lublin: Polskie Towarzystwo Tomasza z Akwinu, 2006

[1] Основы социальной концепции Русской Православной Церкви [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http;//раtriarhia.гu/db/print/419128.html. — Дата доступа: 09.02.2011; Основы учения Русской Православной Церкви о достоинстве, свободе и правах человека [Электронный ресурс]. Режим доступа: http:// раtriarhia.гu/db/print/428616.html. — Дата доступа: 01.03.2009.

[2] Основы учения Русской Православной Церкви о достоинстве, свободе и правах человека. — I, 1.

[3] Ibіd. Гл. таксама Православное учение о человеке / Избранные статьи. — Москва; Клин: Синодальная Богословская Комиссия, издательство «Жизнь с Богом», 2004. Асабліва: Филарет (Вахромеев), митрополит Минский и Слуцкий, Патриарший Экзарх всея Беларуси. Православное учение о человеке // там жа. — С. 5–17.

[4] Ibіd.

[5] Ibіd. — 1,2.

[6] Ibіd. — 1,3.

[7] Основы социальной концепции Русской Православной Церкви. — IV, 7.

[8] Основы учения Русской Православной Церкви о достоинстве, свободе и правах человека. — I, 5.

[9] Ibіd. — III, 2.

[10] Ibіd. — III, 1.

[11] Ibіd. — II, 1.

[12] Ibіd. — II, 2.

[13] Ibіd. — II, 2.

[14] Ibіd. — III, 3.

[15] Ibіd.

[16] Ibіd. — III, 5.

[17] Ibіd. — III, 2; III, 4.

[18] Ibіd. — IV.

[19] Гл. Чаплин Всеволод, протоиерей. Нравственность в Церкви и вне ее: православный взгляд в условиях меняющегося общества // Православное учение о человеке. — С. 406; Кrąpiec M. Człowiek i prawo naturalne. — Lublin: Towarzystwo Naukowe Katolickiego Uniwersytetu Lubelskiego, 1975; Кrąpiec M. Substancja. Natura. Prawo naturalne: Zadania współczesnej metafizyki. 8 / Red. A. Maryniarczyk, K. Stępień, P. Gondek. — Lublin: Polskie Towarzystwo Tomasza z Akwinu, 2006.

[20] Основы учения Русской Православной Церкви о достоинстве, свободе и правах человека. — IV, 2.

[21] Ibіd.

[22] Ibіd. Пар: Кrąpiec M. O ludzką politykę. — Lublin: Redakcja Wydawnictw Katolickiego Uniwersytetu Lubelskiego, 1998, — S. 124.

[23] Основы учения Русской Православной Церкви о достоинстве, свободе и правах человека. — IV, 2.

[24] Ibіd. — IV, 7.

[25] Гл. Кирилл (Гундяев), митрополит Смоленский и Калининградский. Свобода и ответственность: в поисках гармонии. Права человека и достоинство личности. — Москва: Отдел внешних церковных связей Московского Патриархата, 2008.

[26] Основы социальной концепции Русской Православной Церкви. — XI 1, 2.

[27] Ibіd. — X, 3.

[28] Ibіd. — XII, 4.

[29] Ibіd. — XII, 6.

[30] Ibіd. — XII, 6.

[31] Ibіd. — XII, 7.

[32] Ibіd.

[33] Ibіd.

[34] Ibіd.

[35] Ibіd. — XII, 7; XII, 9.

[36] Ibіd. — XII, 8.

[37] Ibіd. — XII, 8.

[38] Ibіd.

[39] Ibіd. — XII, 9.

[40] Ibіd.

[41] Ibіd.

church.by