Навигатор: Новости

17 мая 2011 г. Адбыліся ўрачыстасці памяці Мітрапаліта Мінскага і Беларускага Мелхіседэка (Паеўскага; 1879-1931) — выбітнага дзеяча Праваслаўнай Царквы ў ХХ стагоддзі. Урачыстасці ўзначаліў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэ

17 мая 2011

17 мая 2011 г. Адбыліся ўрачыстасці памяці Мітрапаліта Мінскага і Беларускага Мелхіседэка (Паеўскага; 1879-1931) — выбітнага дзеяча Праваслаўнай Царквы ў ХХ стагоддзі. Урачыстасці ўзначаліў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт

Дзеля ўшанавання памяці Мітрапаліта Мелхіседэка (Паеўскага), 80 год з дня спачыну якога спаўняецца сёлёта, ля будынку Інстытута тэалогіі БДУ сабраліся прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, дзяржаўнай адміністрацыі Рэспублікі Беларусь, навуковай і творчай інтэлігенцыі.

Да прысутных з Архіпастырскім словам звярнуўся Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт.

Далей на чале з Уладыкам Экзархам і першым прарэктарам Інстытута тэалогіі епіскапам Бабруйскім і Быхаўскім Серафімам адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне памятнай дошкі з барэльефным партрэтам Праасвяшчэннага Мелхіседэка на сцяне Інстытута.

На пляцоўцы ля Інстытута прагучаў трапар Светлага Хрыстовага Ўваскрасення на грэчаскай, лацінскай і царкоўнаславянскай мовах, пасля чаго Мітрапаліт Філарэт узначаліў ліцію ў памяць аб Праасвяшчэнным Мелхіседэку і ўсіх спачылых правячых архіерэяў Мінскай епархіі. Затым Патрыяршы Экзарх выказаў асаблівую падзяку аўтару барэльефа — скульптару Ганне Іньковай і дырэктару прыватнага прадпрыемства «Миоран» Алене Кавалёвай.

Загадчык аддзела па справах рэлігій Апарата Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Марына Цвілік падкрэсліла, што акцыя памяці Мітрапаліта Мелхіседэка ўяўляе сабой “значны ўнёсак у аднаўленне гістарычнай памяці”.

Унучатая пляменніца Праасвяшчэннага Мелхіседэка Ганна Бадурава, якая зараз жыве ў Маскве, запэўніла прысутных, што сярод яе родных да сённяшняга дня зберагаецца памяць аб слынным сваяку. Выступоўца выказала сардэчную ўдзячнасць даследчыкам біяграфіі Мітрапаліта Мелхіседэка, у прыватнасці, протаіерэю Фёдару Крываносу.

Далей пад спеў гімна “Магутны Божа” (тэкст Н. Арсенневай) да памятнай дошкі з выявай Мітрапаліта Мелхіседэка студэнты-тэолагі ўсклалі гірлянду з кветак.

Урачыстая акцыя працягнулася ў канферэнц-зале Інстытута тэалогіі, дзе адбыліся навукова-асветніцкія чытанні, прысвечаныя асобе Мтрапаліта Мінскага і Беларускага Мелхіседэка (Паеўскага) і яго часу.

church.by