«Творчасць Святланы Алексіевіч заклікае чалавека ўзняцца духам». Брацтва Віленскіх мучанікаў віншуе пісьменніцу з прысуджэннем Нобелеўскай прэміі

09 октября 2015

top.jpgТэкст віншавання 

Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы з пачуццём вялікай радасці разам з усёй беларускай інтэлігенцыяй выказвае пісьменніцы Святлане Алексіевіч свае віншаванні ў сувязі з прысуджэннем ёй Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры.

Творчасць Святланы Алексіевіч мы ўспрымаем як высокае служэнне людзям у духу праўдзівасці і сумлення.

У адным са сваіх інтэрв’ю пісьменніца сфармулявала мэту сваёй творчасці як імкненне спрыяць умацаванню чалавечага духу. Сучасны свет пастаянна прапануе нам падманныя ідэалы, на кожным кроку — і ў паўсядзённасці, і на глабальным узроўні — выпрацоўваюцца матрыцы, якія вядуць да прыніжэння і патаптання чалавечай годнасці. У такой сітуацыі чалавек нярэдка апынаецца сам-насам перад абліччам здавалася б непераадольнай ілжы і страху. Гэта і ёсць тая пастка, якою імкнецца вораг роду людскога скарыць дух чалавечы.

Творчасць Святланы Алексіевіч заклікае чалавека ўзняцца духам, паўстаць унутры самога сябе супраць падману і зла, і праз гэта адчуць сваю глыбінную еднасць з усімі людзьмі добрай волі і ўбачыць тое святло, да якога мы ўсе пакліканы. І ў гэтым усе мы павінны быць суработнікамі — аднадумнымі і адзінадушнымі!

Church.by