Выйшаў «Беларускі праваслаўны каляндар» на 2016 год
08 декабря 2015З друку выйшаў «Беларускі праваслаўны каляндар» на 2016 год, падрыхтаваны выдавецтвам прыхода Петра-Паўлаўскага сабора горада Мінска. Ён складаецца з традыцыйнай каляндарнай часткі, якая ўключае Месяцаслоў і Іменаслоў, і тэматычнага дадатка. У Месяцаслове прыводзяцца неабходныя звесткі пра штодзённыя богаслужэнні; святым, якія ўваходзяць у Сабор Беларускіх святых, у адпаведныя дні размешчаны трапары і кандакі на царкоўнаславянскай і беларускай мовах.
Дадатак «Календара» утрымлівае чатыры раздзелы. У першым працягваецца публікацыя прадмоў Францыска Скарыны да кніг Бібліі на сучаснай беларускай мове. На гэты раз увазе чытачоў прапануюцца прадмовы да гістарычных кніг Бібліі — кніг Іісуса Навіна, Судзяў Ізраілевых, кнігі Руфі, да чатырох кніг Царстваў, кніг Юдзіфі і Эсфіры.
Другі раздзел прысвечаны 900-годдзю памяці свяціцеля Міны, епіскапа Полацкага (†1116). У артыкуле прыводзіцца кароткае жыццеапісанне святога, друкуюцца фотакопіі сучасных ікон свяціцеля з храмаў Беларусі.
Раздзел «Рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя» прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння протапрасвітара Віталія Баравога (1916–2008), вядомага рэлігійнага дзеяча, царкоўнага дыпламата, багаслова і выкладчыка.
Раздзел «Багагласнік» працягвае тэму бытавання на беларускіх землях традыцыйных рэлігійных песень, падкрэслівае важнасць захавання гэтай народнай духоўнай традыцыі ў сучасным прыходскім жыцці.