Пасланне да Ражджаства Хрыстовага мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахам і міранам Беларускай Праваслаўнай Царквы

04 января 2016

Што Табе прынясём, Хрысце, Які з’явіўся на зямлі як чалавек дзеля нас?
Кожнае з Тваіх стварэнняў падзяку Табе прыносіць
:
ангелы — спеў
, нябёсы — зорку,
мудрацы — дары
, пастухі — цуд,
зямля — пячору
, пустыня — яслі;
мы
ж — Маці Дзеву.
Спрадвечны Божа
, памілуй нас.

Сціхіра на «Господи, воззвах»
вячэрні свята Ражджаства Хрыстовага

Дарагія і ўзлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры, увесь святарскі, дыяканскі і манаскі чын, набожныя міране — верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы! Сардэчна віншую ўсіх вас з вялікім і светлым святам Ражджаства Хрыстовага!

Следам за старажытнымі мудрацамі сёння ўсе мы, прыведзеныя Віфлеемскай зоркай, радасна накіраваліся да ясляў Бажэственнага Дзіцяці — Госпада нашага Іісуса Хрыста: Бог уцялесніўся, каб абнавіць свет, каб людзі «жыццё мелі, і ўдосталь мелі» (Ін. 10: 10). Святы апостал і евангеліст Лука паўтарае словы Ангела пра тое, што ў горадзе Давідавым «нарадзіўся вам сёння... Спасіцель, Які ёсць Хрыстос Гасподзь» (Лк. 2: 11). Наколькі ж вялікія невымоўная міласэрнасць і бязмежная любоў Госпада, Які прынізіўся дзеля нашага спасення! Тварэц неба і зямлі сышоў на зямлю, каб адкрыць Сябе людзям і ўказаць нам шлях у Нябеснае Царства.

Ражджэственскія малітвы нашай Святой Царквы з’яўляюцца працягам таго славаслоўя, якое ў дзівосную ноч Ражджаства ангельскім спевам напоўніла ўвесь свет, горні і дольні: «Слава ў вышніх Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля» (Лк. 2: 13-14). У Ражджастве Хрыстовым Усявышні Гасподзь паказаў чалавецтву вялікую тайну Уцялеснення Сына Божага, бо «сёння Бог на зямлю прыйшоў, і чалавек на Нябёсы ўзышоў».

Сёння Гасподзь Уседзяржыцель кладзецца ў яслі нашых сэрцаў, у якіх адбываецца наша ўсынаўленне Самому Тварцу. Успамінаючы, як мудрацы «узрадаваліся ра­дасцю вельмі вялікаю. І, увайшоўшы ў дом, яны ўбачылі Дзіця з Марыяю, Маці Яго, і, паўшы, пакланіліся Яму; і, адкрыўшы скарбніцы свае, прынеслі Яму дары: золата, ладан і смірну» (Мф. 2: 10-11), мы павінны спытаць у сябе: а што ж мы прыносім да ясляў, якія прынялі Неўмяшчальнага Бога?

Яму не патрэбны ні наша слава, ні нашы матэрыяльныя дасягненні; марныя думкі і штодзённыя турботы, імкненні людзей узвысіцца адзін над адным з’яўляюцца пылам у вачах Бога. Ва ўсе часы людзі, якія заганарыліся і аддаліліся ад Бога, у выніку рабіліся нікчэмнымі і няшчаснымі.

Няхай жа будзе нашым дарам Бажэственнаму Дзіцяці моцная і шчырая вера, прыклад якой дае нам Прасвятая Багародзіца, бо Яна сказала Архангелу Гаўрыілу, які абвясціў Ёй добрую вестку: «вось, Я — раба Гасподняя; няхай будзе Мне па слову твайму» (Лк. 1: 38). Прападобны Яфрэм Сірын піша, што Дзева Марыя — «Дачка Святла, таму што праз Яе азарыліся Святлом і свет, і жыхары яго». Святая Царква заклікае нас з верай несці свету гэтае Святло, Якое ёсць Гасподзь наш Іісус Хрыстос.

Кожны з нас, для каго Гасподзь — Айцец Нябесны, абавязкова павінен прынесці да Віфлеемскіх ясляў яшчэ адзін дар — любоў: любоў адзін да аднаго, да ўсіх навакольных людзей — гарачую і дзейсную, бо «па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі любоў будзеце мець паміж сабою» (Ін. 13: 35). Побач з намі заўсёды ёсць тыя, хто пакутуе, падае духам, адчайваецца, старыя і нядужыя, хворыя, гаротныя і самотныя. Неабходна разумець, што там, дзе няма любові, узаемнай падтрымкі і адказнасці, гатоўнасці ўсё жыццё прынесці ў дар тым, каго любіш, там няма ні шчасця, ні радасці, ні паўнаты быцця. Гасподзь і Спасіцель чакае ад верных дзяцей Святой Царквы добрых пладоў — служэння любові і міласэрнасці дзеля нашых бліжніх.

Год мінулы, міласцю Божай, прынёс нам нямала духоўнай радасці. Ён быў адзначаны шматлікімі добрымі здзяйсненнямі ў жыцці нашай Царквы, якія таксама сталі своеасаблівымі падарункамі Богадзіцяці Хрысту.

У дні святкавання Ражджаства Госпада і Спасіцеля нашага Царква Хрыстова заклікае да радаснай і ўдзячнай малітвы, і мы ўзносім хвалу і падзяку ўцялесненаму Сыну Божаму, Які прынёс на зямлю вечнае спасенне, любоў і мір, за ўсе Яго дабрадзействы і міласці, дараваныя ў мінулым годзе, за Яго ўсемагутную дапамогу, што ўмацоўвала нас у выпрабаваннях, якія мы пераадольвалі з верай і спадзяваннем на Бога.

Любоў і мірнае адзінства прынёс на зямлю Гасподзь наш Іісус Хрыстос: «няхай усе будуць адно: як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, так няхай і яны ў Нас будуць адно» (Ін. 17: 21). Найвышэйшая мэта, указаная прыйшоўшым на зямлю Спасіцелем, — мірнае адзінства людзей у адзінстве з Богам, у адной праваслаўнай веры, у Адзінай, Святой, Саборнай і Апостальскай Царкве. Як верныя дзеці Хрыстовы, усе мы павінны клапаціцца пра захаванне адзінства Святой Праваслаўнай Царквы.

Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, выступаючы на XIХ Сусветным Рускім народным саборы з дакладам «Спадчына князя Уладзіміра і лёс гістарычнай Русі», адзначыў, што «у год 1000-годдзя спачыну святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра мы звяртаемся да спадчыны, якую ён нам пакінуў… Спадчына заўсёды змяшчае ў сабе запавет, заахвочвае нашчадкаў да дзеяння. Відавочна, што асноўны і самы каштоўны для на сэнс спадчыны роўнаапостальнага князя — гэта сэнс рэлігійны: гэта прынятая народам вера Хрыстова». Выбар Хрысціцеля Русі «дазволіў народу раскрыць свае здольнасці і таленты ў лоне хрысціянства, выявіць сябе ў служэнні ўсяленскай ісціне Хрыстовай і ў межах гэтага служэння стварыць уласную цывілізацыю».

Першасвяціцель заклікаў усіх «адчуць і асэнсаваць адзіны гістарычны шлях, які пачаўся з Хрышчэння Русі: ім мы крочылі скрозь усе выпрабаванні да перамог, менавіта гэты шлях адкрывае нам перспектыву будучыні. Гэтая перспектыва — захаванне і будаўніцтва нашай самабытнай цывілізацыі, якая абапіраецца на ўніверсальны хрысціянскі падмурак і ўлічвае нацыянальныя пачаткі народаў. Такі для нас найважнейшы ўрок спадчыны святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра. Мы павінны быць вартымі гэтай спадчыны, абавязаны захаваць яе і перадаць наступным пакаленням», — падкрэсліў Свяцейшы Патрыярх Кірыл.

Дарагія і ўзлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры, айцы, браты і сёстры! Зноў і зноў віншую вас са светлым і радасным святам Ражджаства Хрыстовага і малітоўна жадаю невычэрпнай благадатнай дапамогі Божай у вашай працы дзеля славы Беларускай Праваслаўнай Царквы, дзеля славы Бацькаўшчыны нашай — благаславеннай Белай Русі, на радасць усім нашым бліжнім. Амінь.

 

+ ПАВЕЛ,
мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

 

Ражджаство Хрыстова
2015/2016 г.,
горад Мінск