Прывітальнае слова мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі ўдзельнікам урачыстасцяў, прысвечаных Дню беларускага пісьменства
06 сентября 2016З 1994 года ў Беларусі ў першую нядзелю першага восеньскага месяца адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. Сталіцай свята па чарзе робяцца розныя населеныя пункты. У гэтым годзе святочныя мерапрыемствы прайшлі 4 верасня ў горадзе Рагачове Гомельскай вобласці.
Дарагія браты і сёстры!
Cардэчна віншую вас з Днём беларускага пісьменства! Вельмі прыемна вітаць вас, удзельнікаў свята, у 23-й сталіцы беларускага пісьменства — горадзе Рагачове.
Гісторыю развіцця беларускага асветніцтва нельга ўявіць без святой ігуменні Полацкай Еўфрасінні. Сёлета мы адзначаем 950-годдзе заснавання ёю бібліятэкі Сафійскага сабора горада Полацка — першай бібліятэкі на беларускай зямлі.
Царква здаўна стаяла на чале адукацыйнага, выхаваўчага і культурнага працэсаў, ад якіх залежыць развіццё грамадства. Нашы продкі навучаліся па такім кнігам, як Евангелле, Псалтыр, Жыціі святых. Вучыўся наш народ не толькі грамаце, але і таму, что ёсць дабро, а што — зло.
Ад таго, што мы чытаем, залежаць нашы ідэалы, а гэта азначае — наша будучыня. Усё больш папулярнымі, асабліва сярод моладзі, становяцца сёння электронныя сродкі інфармацыі. Яны, зразумела, будуць развівацца, але вельмі важна падкрэсліць каштоўнасць добрай кнігі — крыніцы мудрасці, якая дапамагае выхаваць каштоўнасці, неабходныя для духоўна трывалага грамадства. Літаратура сёння настолькі разнастайная, што перад чытачом стаіць задача выбраць для сябе самае лепшае — тое, што спрыяе ўмацаванню маральных асноў.
Натхняючыся прыкладамі духоўных подзвігаў беларускіх асветнікаў, мы ўсведамляем іх уклад у развіццё свайго народа. Дзякуючы іх намаганням беларусы фарміравалі сябе такімі, якія яны ёсць: маральна чыстымі, інтэлектуальна развітымі, фізічна моцнымі, адданымі сваёй Айчыне, свайму народу, сваім братам і сёстрам.
Ад усёй душы хочацца горача павітаць асветнікаў сённяшняга дня. Шчыра віншую ўдзельнікаў ХХІII Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў” з заканчэннем паломніцкага шляху. Пачаўшы свой шлях у горадзе Мінску, вы натхнёна пранеслі Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга па беларускай зямлі і завяршаеце сваё шэсце ў горадзе Рагачове. Падчас навукова-асветніцкай экпедыцыі вамі былі праведзены шмат духоўна насычаных мерапрыемстваў, якія прынясуць свой плён на карысць беларусаў.
Нашы сённяшнія мерапрыемствы займаюць важнае месца сярод самых значных падзей Года культуры ў Беларусі. Асобна дзякую прадстаўнікам дзяржаўнай улады за супрацоўніцтва.
Жадаю ўдзельнікам і гасцям свята спакою на душы, здароўя, дабрабыту і міру. Хочацца верыць, што кніжная культура беларусаў будзе развівацца з усёй паўнатой духоўнай глыбіні дзеля росквіту нашай Айчыны.
Няхай Гасподзь зберажэ вас на многая лета!
+ Павел,
мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
4 верасня 2016 г., Мінск