Прывітальнае слова мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі ўдзельнікам XXIII Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў»
01 сентября 2016З благаславення мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, 31 жніўня пачалася штогадовая Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў”.
Дарагія браты і сёстры!
Cардэчна вітаю арганізатараў і ўдзельнікаў XXIII Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі "Дарога да святыняў"!
Па традыцыі, пачынаючы шлях ад Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора, у нашай малітве мы просім Госпада аб паспяховым ажыццяўленні паломніцтва да беларускіх святыняў і асветніцкай працы на беларускай зямлі.
Сёлетняя дваццаць трэцяя "Дарога да святыняў" ўваходзіць у дзяржаўны план мерапрыемстваў Года культуры Беларусі і прыцягвае вялікую ўвагу ўлад і грамадства. Насычаная праграма духоўна-асветніцкай экспедыцыі ахоплівае шэраг рознабаковых мерапрыемстваў, у працэсе ажыццяўлення якіх абмяркоўваюцца тэмы, аднолькава важныя для Праваслаўнай Царквы і беларускага грамадства.
Неабходна падкрэсліць, што штогадовая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з’яўляецца яскравым прыкладам цеснага дзяржаўна-царкоўнага супрацоўніцтва ў Беларусі. Гэта ўнікальная падзея, якая адбываецца на скрыжаванні навукі, культуры і рэлігіі, сведчыць аб удалых кроках у далучэнні маладога пакалення да сваёй духоўнай і культурнай спадчыны.
Шаноўныя ўдзельнікі, ваш шлях пройдзе праз Маладзечанскую, Пінскую, Слуцкую, Тураўскую, Гомельскую епархіі. Асвячаючы гарады і вёскі гэтых краёў Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга, вы будзеце асвятляць сэрцы вернікаў на сваім шляху і напаўняць іх любоўю і міласэрнасцю.
Шчыра дзякую прадстаўнікам дзяржаўных улад за садзейнічанне і дапамогу ў арганізацыі мерапрыемстваў дваццаць трэцяй экспедыцыі і штогадовую падтрымку добрай асветніцкай ініцыятывы.
Усім удзельнікам жадаю Божай дапамогі ў вашым подзвігу паломніцтва і ў вашай змястоўнай і плённай працы па выкананні асветніцкай місіі.
+ Павел,
мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
31 жніўня 2016 г., Мінск