Прывітальнае слова Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі ўдзельнікам урачыстасцяў, прысвечаных Дню беларускага пісьменства

09 сентября 2015

top.jpgДарагія ўдзельнікі свята!

Сардэчна віншую вас з Днём беларускага пісьменства!

Сёлета Праваслаўная Царква адзначае 1000-годдзе спачыну святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра, Хрысціцеля Русі. Важна адзначыць, што менавіта з хрысціянствам прыйшло пісьменства на Беларусь.

Хрышчэнне з’явілася штуршком для развіцця беларускай культуры, якую нельга ўявіць без такой яркай постаці, як прападобная Еўфрасіння Полацкая. Святая ігумення акрамя асветніцкай дзейнасці аказвала значны ўплыў на палітычнае і грамадскае жыццё. Высокамастацкія творы свяціцеля Кірыла Тураўскага на працягу многіх стагоддзяў карысталіся вялікай папулярнасцю, памнажаліся і разыходзіліся ў сотнях рукапісных спісаў, склалі залаты фонд старажытнай літаратуры. Адметны праваслаўны беларускамоўны дзеяч святы прападобнамучанік Афанасій, ігумен Брэсцкі, які нарадзіўся 420 гадоў таму, быў апошнім прадстаўніком праваслаўнага кірунку ў палемічнай літаратуры XVII стагоддзя.

Адраджэнне беларускага пісьменства, беларускай мовы ў XIX стагоддзі таксама адбывалася пры актыўным удзеле Праваслаўнай Царквы. Першы слоўнік беларускай мовы быў складзены Іванам Іванавічам Насовічам, які скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю, працаваў на кіруючых пасадах у Аршанскім, Мсціслаўскім духоўных вучылішчах. Да сённяшняга часу яго працы з’яўляюцца ўнікальным зборам беларускай лексікаграфіі.

Кнігі нязменна з’яўляюцца глыбокімі крыніцамі мудрасці, дапамагаюць выхаваць каштоўнасці, якія складаюць аснову духоўна трывалага грамадства. Хочацца пажадаць, каб сёння і надалей новыя віткі пісьменства беларусаў развіваліся з усёй паўнатой духоўнай глыбіні.

Шчыра віншую ўдзельнікаў XXII Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў” з заканчэннем паломніцкага шляху, на якім вы асвяцілі і сагрэлі людскія сэрцы. Вы натхнёна пранеслі Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга праз Баранавіцкі, Івацэвіцкі, Бярозаўскі, Пружанскі, Свіслацкі, Бераставіцкі, Гродзенскі раёны. На заключным этапе вас прымае Шчучынскі раён. Асабліва дзякую прадстаўнікам улады за супрацоўніцтва і арганізацыю сумесных мерапрыемстваў.

Чарговая навукова-асветніцкая экпедыцыя ажыццявіла новы крок на кірунку духоўнага ўзбагачэння беларусаў. Жадаю ўдзельнікам і гасцям свята спакою на душы, здароўя, дабрабыту і міру.

Бязмежна рады за тое, што Вы здзяйсняеце подзвігі паломніцтва і асветніцкую місію. Сваёй дзейнасцю Вы свеціце перад людзьмі, запальваючы сэрцы светам выратавальным, бо, як абвяшчае Іісус Хрыстос: Я святло свету; хто пойдзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, а будзе мець святло жыцця (Ін. 8: 12).

Са святам! Божае благаславенне няхай будзе з усімі Вамі!

+ ПАВЕЛ
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
6 верасня 2015 г., Мінск

Church.by