Ражджэственскае пасланне Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі КІРЫЛА архіпастырам, пастырам, манахам і ўсім верным дзецям Рускай Праваслаўнай Царквы

06 января 2015

Праасвяшчэнныя архіпастыры, высокашаноўныя айцы, пачэсныя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!

Да ўсіх вас, якія жывуць у розных краінах, гарадах і вёсках, але складаюць адзіную Рускую Праваслаўную Царкву, звяртаюся я ў гэтую святую ноч і ад душы віншую са спасіцельным для свету святам Ражджаства Хрыстовага. Сардэчна вітаю вас, дарагія мае, і малітоўна жадаю, каб мы ўсе напоўніліся духоўнай радасцю ад супольнага ўдзелу ў гэтай вялікай урачыстасці і атрымалі асалоду ад піру веры, як сыны і дочкі Божыя і сябры Хрыстовы (Ін. 15: 15).

Сёння, сузіраючы тайну Богаўцялеснення, мы імкнемся зразумець, які сэнс падзеі, што адбылася дзве тысячы гадоў назад ў Віфлееме, і якое дачыненне яна мае да нас і нашых сучаснікаў.

Святы апостал Павел піша: «Калі прыйшла паўната часу, Бог паслаў Сына Свайго Адзінароднага, Які нарадзіўся ад жанчыны, нарадзіўся пад законам, каб выкупіць падзаконных, каб мы атрымалі ўсынаўленне» (Гал. 4: 4-5). А што ж папярэднічала гэтай паўнаце часу? Уся гісторыя чалавецтва да Ражджаства Хрыстовага па сутнасці ёсць гісторыя пошукаў Бога, калі лепшыя розумы намагаліся спасцігнуць, хто ж з’яўляецца крыніцай той звышпрыроднай сілы, прысутнасць якой у жыцці так ці інакш адчувае кожны чалавек.

На шляху богашукальніцтва людзі, намагаючыся знайсці ісціну, упадалі ў розныя аблуды. Але ні прымітыўны страх чалавека перад грознымі з’явамі прыроды, ні абагаўленне прыродных стыхій, ідалаў, а часам і самога сябе, ні нават тыя нешматлікія прасвятленні, якія азаралі філосафаў-язычнікаў, не прывялі людзей да ісціннага Бога. І «калі свет сваёю мудрасцю не пазнаў Бога» (1 Кар. 1: 21), Ён пажадаў Сам сысці да людзей. Духоўнымі вачыма мы сузіраем вялікую набожнасці тайну: Тварэц упадабляецца стварэнню, прымае прыроду чалавечую, церпіць прыніжэнне, памірае на крыжы і ўваскрасае. Усё гэта перавышае чалавечае разуменне і з’яўляецца цудам, які раскрывае паўнату Адкравення Бога людзям пра Самога Сябе.

Хрыстос нарадзіўся —  і свет атрымаў надзею, Хрыстос нарадзіўся —  і любоў пануе навекі, Хрыстос нарадзіўся —  і неба прыхілілася да зямлі, Хрыстос нарадзіўся —  і Віфлеемская зорка паказвае праўдзівы шлях да Бога, Хрыстос нарадзіўся — і ніхто няхай не верыць у перамогу зла, бо благадаццю вы спасёныя праз веру, і гэта не ад вас, гэта Божы дар (Эф. 2: 8).

Чакаючы і прадбачачы прышэсце Месіі, прарок Ісаія ўсклікае: «З намі Бог!» (Іс. 8: 10). Яго боганатхнёныя словы і дагэтуль з’яўляюцца крыніцай  невымоўнай радасці для мільёнаў хрысціян. Нарадзіўшыся ў Віфлееме, Гасподзь нараджаецца ў нашых сэрцах і знаходзіцца з намі, калі мы захоўваем вернасць Яму і заснаванай Ім Царкве. Ён з намі, калі мы робім добрыя справы. Ён з намі, калі мы дапамагаем бліжнім. Ён з намі, калі мы спагадаем і спачуваем. Ён з намі, калі мы мірым тых, хто варагуе. Ён з намі, калі мы прабачаем і не памятаем зла. Ён з намі, калі мы молімся і ўдзельнічаем у царкоўных Таінствах, перш за ўсё — у Таінстве Падзякі, Святой Еўхарыстыі.

Свята Ражджаства Хрыстовага гаворыць нам пра самае галоўнае: мы пакліканы навучыцца любіць Бога і служыць Яму, нашаму Спасіцелю, Таму, Хто падараваў гэтае спасенне ўсім народам і на ўсе часы, Хто і цяпер распасцірае Свае абдымкі да кожнага з нас. Набываючы навык ісціннага шанавання Бога і трапяткога стаяння перад Ім, мы разам з тым навучаемся служыць і нашым бліжнім, выяўляючы веру, якая дзейнічае праз любоў (Гал. 5: 6).

І нам няшмат застаецца давяршыць — адказаць на уздзеянне спасіцельнай благадаці Божай сваёй паслухмянасцю, сваім даверам да слоў Госпада, сваім жаданнем выконваць Яго запаведзі. Калі мы засвоім гэту вялікую ісціну, то вельмі многае зменіцца не толькі ў нас саміх, але і вакол нас. Мы зможам правільна расстаўляць каштоўнасныя прыярытэты, мы зможам мірна, спакойна і ўпэўнена крочыць па прадвызначаным нам звыш шляху жыцця, узносячы хвалу і падзяку Богу.

А каб дасягнуць такога стану духу, мы павінны быць праваслаўнымі людзьмі не толькі паводле сацыялагічных апытанняў, але паводле сваіх глыбокіх перакананняў і паводле ладу жыцця, падобна да таго як горача верылі і любілі Бога нашы набожныя продкі. Сярод іх асаблівае месца займае хрысціцель Русі, святы роўнаапостальны і вялікі князь Уладзімір. 1000-годдзе яго блажэннага спачыну мы будзем адзначаць сёлета. Менавіта яму мы абавязаны тым, што з’яўляемся носьбітамі высокага хрысціянскага звання і ў сукупнасці складаем адзіную сям’ю праваслаўных братэрскіх народаў гістарычнай Русі. Так было, і ёсць, і будзе. І ніякія часовыя хваляванні і выпрабаванні, ніякія знешнія сілы не змогуць разарваць гэтыя шматвяковыя духоўныя і культурныя сувязі спадкаемцаў кіеўскай купелі Хрышчэння.

У гэтыя святыя калядныя дні малітвы ўсёй царкоўнай паўнаты і мая ўзмоцненая малітва — за мір на ўкраінскай зямлі. Незалежна ад месца жыхарства сваіх дзяцей, іх палітычных поглядаў ці прыхільнасцяў, Руская Праваслаўная Царква выконвае тую адказную місію, якую на яе ўсклаў Сам Хрыстос (гл. Мф. 5: 9). Яна рабіла і робіць усё магчымае для таго, каб прымірыць людзей і дапамагчы ім пераадолець наступствы варожасці.

У аснове ўсялякага супрацьстаяння, нянавісці і раздзяленняў — грэх. Ён, паводле слова прападобнага Юсціна Чэлійскага, «усімі сваімі сіламі робіць адно: абязбожвае і расчалавечвае чалавека» (прп. Юсцін (Попавіч), Філасофскія бяздонні). І мы бачым, у якім пякельным стане часам знаходзіцца чалавек, які страціў дадзеную Тварцом годнасць.

Царква ж ад імя Бога, нястомна абвяшчаючы людзям вялікую радасць (Лк. 2: 10) пра нараджэнне Спасіцеля, заклікае кожнага народжанага на зямлі ўвераваць і перамяніцца да лепшага. Яна прапануе шлях узыходжання: ад богашукальніцтва — да Богапазнання; ад Богапазнання — да зносін з Богам; ад зносін з Богам — да Богападабенства. Свяціцель Афанасій Вялікі, які жыў у IV стагоддзі ў Александрыі, цудоўнымі словамі выказаў мэту прышэсця ў свет Спасіцеля: «Бог стаў чалавекам, каб чалавек стаў богам». Не па сваёй прыродзе, але па Бажэственнай благадаці. Увесь шматвяковы вопыт Царквы сведчыць: сапраўднае праабражэнне, абожанне адбываецца дзеяннем благадаці, праз добраахвотнае супрацоўніцтва Бога і чалавека. І дасягаецца яно працай, у паслухмянасці Тварцу, а не прыняццем д’ябальскай спакусы змея, які прапаноўваў нашым продкам паспытаць ад дрэва пазнання дабра і зла і адразу ж зрабіцца як багі (Быц. 3: 5). Кожны, хто жыве па веры, ведае, што менавіта вернасць Богу ўтрымлівае яго ад злых спраў і думак, што менавіта вера натхняе яго на подзвігі і працу на славу Божую і на дабро бліжнім.

Віншуючы ўсіх вас з вялікім святам Ражджаства Хрыстовага і Навалеццем, хачу ад душы пажадаць вам добрага здароўя, міра, дабрабыту і шчодрай дапамогі звыш у няўхільным следаванні за нашым Госпадам і Спасіцелем.

Бог жа ўсякае благадаці, Які паклікаў вас у вечную славу Сваю ў Хрысце Іісусе, няхай Сам, пасля нядоўгіх вашых пакут, удасканаліць вас, няхай сцвердзіць, няхай умацуе, няхай зробіць непахіснымі. Яму слава і ўлада на векі вякоў. Амінь (1 Пят. 5: 10-11).


+ КІРЫЛ,

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі


Масква,

Ражджаство Хрыстова

2014/2015 года