25 сакавіка ў Цэнтральнай бібліятэцы Гомеля адбудзецца прэзентацыя першага нумара альманаха «Часопіс царкоўна-гістарычнай камісіі Гомельскай епархіі»

24 сакавіка 2019

top.jpg

25 сакавіка а 18:00 у зале Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. І. Герцэна ў Гомелі (г. Гомель, вул. Савецкая, 26) адбудзецца прэзентацыя першага нумара альманаха «Часопіс царкоўна-гістарычнай камісіі Гомельскай епархіі».

Царкоўна-гістарычная камісія была створана ў маі 2014 года з мэтай збору і апрацоўкі інфармацыі, якая тычыцца гісторыі Царквы на Гомельшчыне, і наступнага стварэння гістарычнага епархіяльнага архіва і музея. Неўзабаве было прынята рашэнне збіраць і выдаваць даследаванні членаў Камісіі ў альманаху пад назвай «Временник». На жаль, выхад першага нумара быў затрыманы, але ў рэшце рэшт дзякуючы намаганням Сяргея Валянцінавіча Цыкунова і пры падтрымцы старшыні камісіі архімандрыта Амвросія (Шаўцова) альманах пабачыў свет.

Навуковы рэдактар выдання — Яўген Рамановіч Малікаў, дацэнт кафедры «Архітэктура і будаўніцтва» БелДУТ, аўтар даследаванняў па гісторыі і мастацтвазнаўстве Беларусі. Сярод аўтараў першага нумара: гісторык Ірына Адамаўна Грышчанка, этнограф і фалькларыст Ірына Юр'еўна Смірнова, журналіст і краязнаўца Мікалай Васільевіч Шуканаў (Жлобін), супрацоўнікі Веткаўскага музея народнага мастацтва Андрэй Валер'евіч Скідан і Вольга Васільеўна Афанасьева, краязнаўцы Сяргей Валянцінавіч Цыкуноў, Аляксандр Фёдаравіч Патапаў, Яўген Пятровіч Шастакоў. Асаблівую цікавасць у чытачоў выкліча разгорнутае інтэрв'ю са знакамітым гомельскім гісторыкам і археолагам Алегам Анатольевічам Макушнікавым.

Усе жадаючыя запрашаюцца на сустрэчу. Уваход вольны.

Гомельская епархія / Church.by