27 верасня Праваслаўная Царква святкуе Уздзвіжанне Жыватворнага Крыжа Гасподняга
27 верасня 2021У вялікае свята Уздзвіжання Пачэснага і Жыватворнага Крыжа Гасподняга праваслаўныя хрысціяне ўспамінаюць падзеі, звязаныя з крыжам, на якім быў распяты Збаўца. Святое паданне Царквы захавала звесткі аб тым, што згублены пасля евангельскіх падзей крыж быў здабыты ў 326 годзе ў Іерусаліме. Адбылося гэта каля гары Галгофы — месца, дзе быў укрыжаваны Спасіцель. Таксама ў гэты дзень успамінаецца яшчэ адна падзея — вяртанне Жыватворнага Крыжа з Персіі, дзе ён знаходзіўся 14 гадоў. У VII стагоддзі вярнуў яго ў Іерусалім грэчаскі імператар Іраклій.
Абедзве падзеі аб'ядноўвае тое, што здабыты крыж «уздзвізалі», гэта значыць уздымалі перад прысутным народам. Пры гэтым звярталі яго да ўсіх бакоў свету па чарзе, каб людзі маглі пакланіцца яму і падзяліць адно з адным радасць знойдзення святыні.
Уздзвіжанне Жыватворнага Крыжа Гасподняга адносіцца да дванаццаці самых важных святаў пасля Вялікадня. Яны заснаваныя на евангельскіх падзеях зямнога жыцця Госпада Іісуса Хрыста. Менавіта таму двунадзясятыя святы маюць асаблівую важнасць у духоўным жыцці кожнага хрысціяніна. Уздзвіжанне звязана са святам Праабражэння Гасподняга: паколькі падзеі апошняга адбываліся за 40 дзён да ўкрыжавання Іісуса Хрыста, то Уздзвіжанне Крыжа Гасподняга святкуецца праз 40 дзён пасля Праабражэння.
Напярэдадні дня Крыжаўздзвіжання здзяйсняецца ўрачыстае святочнае богаслужэнне — усяночнае трыванне, а ў сам дзень свята — Бажэственная літургія. Важнай адметнай асаблівасцю богаслужэння Крыжаўздзвіжання з'яўляецца чын Вынясення Крыжа. Старэйшы святар або епіскап, апрануты ў фіялетавае аблачэнне, выносіць крыж у цэнтр храма і, падобна старажытнай падзеі, «уздзвізае» крыж перад багамольцамі. Усе, хто моліцца ў храме, пакланяюцца святыні, і ў гэты час выконваееца спеў: «Крыжу Твайму пакланяемся, Уладыка, і святое уваскрасенне Тваё славім».
Аднак свята Уздзвіжання Жыватворнага Крыжа Гасподняга — гэта не толькі ўспамін гістарычнай падзеі, але і духоўны напамін для нас. Справа ў тым, што не толькі Хрыстос нёс свой крыж і быў укрыжаваны на ім, кожны паслядоўнік Хрыста павінен узяць на сябе свой крыж. Пад нясеннем крыжа ў духоўнай традыцыі разумеецца пераадоленне з дабрадушнасцю і надзеяй на Госпада ўсіх тых цяжкасцяў і смуткаў, якія сустракаюцца на нашым жыццёвым шляху. Больш таго, несці свой крыж — гэта не абавязкова толькі перажываць смутак і нягоды. У святафйцоўскай літаратуры існуе паняцце дабравольных скрух — гэта тая добрая праца, якую хрысціянін добраахвотна бярэ на сябе дзеля Хрыста. Гэта і дапамога блізкім, і клопат пра хворых, і праца пры храме. Старанна трымаючыся хрысціянскіх цнотаў, чалавек таксама годна нясе свой крыж.
Таму свята Уздзвіжання Пачэснага і Жыватворнага Крыжа Гасподняга падбадзёрвае вернікаў і натхняе на шчырае духоўнае жыццё. Бо калі мы нясем свой крыж, то абавязкова ўспамінаем, што першым панёс Свой крыж Гасподзь Іісус Хрыстос, а Ён заўсёды побач з намі.