30-годдзе адраджэння сястрынскага служэння адзначылі ў Беларусі

26 лістапада 2018

top.jpg

24 лістапада 2018 года ў сценах Мінскай духоўнай акадэміі адбыўся ўрачысты Агульны сход Саюза сястрыцтваў міласэрнасці Беларускай Праваслаўнай Царквы. Жанчыны-міраносіцы нашага часу, як называў сясцёр міласэрнасці мітрапаліт Філарэт, Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, сустрэліся, каб адзначыць 30-годдзе адраджэння сястрынскага служэння ў Беларусі.

На сходзе прысутнічалі 40 удзельнікаў з 14 епархій, у тым ліку сёстры міласэрнасці з 30-гадовым стажам служэння - менавіта тыя, з каго ў 1988 годзе пачалося адраджэнне сястрынскага служэння на беларускай зямлі.

Узначаліў сход епіскап Бараўлянскі Ігнацій, вікарый Мінскай епархіі. Ён зачытаў прывітальнае слова мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

«Зараз нам важна памятаць, што сястрынскі рух пачынаўся не па ўказцы зверху. Гэта быў заклік сэрца, добраахвотная ініцыятыва праваслаўных хрысціянак, якія лічылі сваім святым абавязкам не толькі наведваць храмы, маліцца, удзельнічаць у Таінствах, але і рабіць добрыя справы на славу Божую, — бо, як сказана ў Саборным пасланні святога апостала Іакава, вера без спраў мёртвая (Іак. 2: 26), — гаворыцца ў прывітальным слове ўладыкі Экзарха. — Доўгія гады сацыяльнае служэнне ў Беларускай Праваслаўнай Царкве ажыццяўлялася амаль выключна сіламі сясцёр міласэрнасці. І зараз сёстры міласэрнасці з дня ў дзень самааддана нясуць свой подзвіг, прыходзячы на дапамогу хворым, адзінокім, маламаёмасным, бяздомным і многім іншым людзям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. На жаль, далёка не заўсёды сястрынская праца ацэньваецца па заслугах, але я глыбока перакананы, што служэнне сясцёр міласэрнасці мае вельмі вялікае значэнне і для Царквы, і для сучаснага соцыума. Здзяйсняючы дабро, сёстры прапаведуюць Іісуса Хрыста тым, хто скептычна ставіцца да слоў і верыць толькі ўчынкам, — а такія людзі цяпер складаюць ледзь не большасць нашага грамадства. Менавіта таму, на мой погляд, міласэрнасць — гэта самая пераканаўчая і самая эфектыўная форма місіянерства».

5 сясцёр былі ўзнагароджаны медалём Беларускай Праваслаўнай царквы святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай. 9 сясцёр і 1 брат міласэрнасці былі ўдастоены Грамат Патрыяршага Экзарха. 10 сястрыцтваў міласэрнасці былі ўзнагароджаны граматамі Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню Беларускай Праваслаўнай Царквы, якія ўручыў старшыня аддзела протаіерэй Кірыл Шолкаў. 90 сясцёр і братоў атрымалі падзячныя лісты ад Сінадальнага аддзела і Саюза сястрыцтваў.

Высокай узнагародай было адзначана і служэнне Выканаўчага сакратара Саюза сястрыцтваў міласэрнасці БПЦ Алены Яўгенаўны Зянкевіч — ёй быў уручаны медаль БПЦ прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

Праасвяшчэнны Ігнацій, епіскап Бараўлянскі, вікарый Мінскай епархіі:

- У бядзе чалавеку трэба толькі спачуванне і міласэрнасць. < ... > Ваша служэнне ўяўляе сабой нерв Праваслаўнай Царквы. Наколькі праяўляецца міласэрнасць у вашым служэнні, настолькі судзяць па ўсёй Царкве. Паверце, аб Царкве мяркуюць не па прыгажосці набажэнстваў, не па велічыні гэтых будынкаў, актавых залаў або багаслоўскіх трактатаў, пра яе судзяць толькі па справах, якія ў Царкве робяцца. І вашы справы стаяць на самым першым месцы.

Наталля Сецянава, кіраўнік сектара па развіццю сацыяльных праектаў Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню Рускай Праваслаўнай Царквы:

— Павінна сказаць, што Беларусь паказвае такую цікавую з'яву — у вас вельмі шмат сястрыцтваў, і сястрыцтвы ў вас вельмі добра развіваюцца, у параўнанні з Расіяй. Мы ўсе вельмі дзівімся гэтаму, і спрабуем зразумець, чаму ў Беларусі так, а ў Раіеі інакш. Мы ад вас адстаем, прыйдзецца наганяць. І яшчэ хацела б сказаць вам вялікі дзякуй, падзякаваць вам за вашу працу цяжкую, за вашыя добрыя сэрцы, за вашы слёзы спагады, якія вы праліваеце падчас вашага служэння, за вашыя цёплыя і моцныя рукі, за вашу неабыякавасць, за вашы сарваныя спіны, няхай яны даўжэй будуць здаровыя!

Старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Кірыл Шолкаў:

- Больш за 2000 чалавек дабрачынна працуюць на ніве міласэрнасці ў многіх кутках нашай краіны. Сёстры міласэрнасці нясуць хрысціянскі догляд туды, дзе праблема дапамогі бліжняму стаіць вельмі востра: у бальніцы і дамы састарэлых, дзіцячыя інтэрнаты і прытулкі, нямоглым і адзінокім людзям. Яго Высокапраасвяшчэнства ўладыка Павел падтрымаў нашу з Аленай Яўгенаўнай ініцыятыву і благаславіў правядзенне такога знакавага для ўсіх сясцёр міласэрнасці сходу.

Мне вельмі падабаюцца словы старшыні Маскоўскага Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню епіскапа Арэхава-Зуеўскага Панцеляймона аб сястрынскім служэнні: «Галоўнае ў сястрынскім служэнні - быць рахманымі, пакорлівымі і мірнымі адзін з адным. Галоўная наша з вамі задача — самім здабываць мір у сэрцы, і гэтым мірам дзяліцца з іншымі людзьмі. Добрыя справы павінны дапамагаць уладкаванню душы, а не перашкаджаць яму».

Для таго каб дапамагаць іншым, неабходна ўнутраная малітоўная дзейнасць. Жаданне ўсім дапамагчы не заўсёды бывае карысна для чалавека, так ён часцяком губляе мір у душы, з'яўляюцца разлад і звады. Галоўная задача сясцёр міласэрнасці заключаецца не ў тым, каб збавіць чалавека ад усіх смуткаў, а ў тым, каб дапамагчы яму зразумець іх сэнс. Як гаварыў архімандрыт Іаан (Крэсцьянкін): «Задача сястры міласэрнасці — дапамагчы хвораму палюбіць сваю хваробу». Сястра міласэрнасці не проста медыцынскі работнік, а сястра, укаранёная ў веры, якая мае мір у сваім сэрцы.

Як мы ведаем з вамі, асноўная мэта сацыяльнага служэння – гэта перш за ўсё памнажэнне любові, набліжэнне як тых, каму дапамагаем, так і тых, хто аказвае ім дапамогу, да Бога, аднаўленне вобраза Божага ў чалавеку, змучаным ліхтугамі рознага роду, пакутай.

Шмат добрых і цёплых слоў гучалі як у адрас сясцёр міласэрнасці, так і ў адрас Выканаўчага сакратара Саюза сястрыцтваў міласэрнасці БПЦ Алены Зянкевіч за вялізную працу, прафесіяналізм, жывы ўдзел у кожнай добрай справе, за неабыякавасць і штодзённую стваральную працу. Са свайго боку, Алена Зянкевіч падзякавала ўсім за цёплыя словы і зрабіла невялікі экскурс у гісторыю сястрынскага служэння. Звяртаючыся да сясцёр з 30-гадовым стажам служэння, яна сказала, што можна сабраць усе свае сілы, усю сваю мужнасць у цяжкую хвіліну і здзейсніць аднамомантны подзвіг, але 30 гадоў запар бескарысліва служыць хворым і пакутным — гэта больш, чым подзвіг. Таксама яна звярнулася са словамі падзякі да ўсіх сясцёр, якія ў наш нялёгкі час захоўваюць у сваім сэрцы любоў да бліжняга і нясуць суцяшэнне, клопат і святло хрысціянскай любові людзям, якія жывуць у нястачы.

Арганізатары сходу сардэчна дзякуюць за дапамогу Мінскай духоўнай акадэміі.

Больш па тэме на партале Sestra.by

Прэс-служба ССМ БПЦ / Church.by