Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з мітрапалітам Філарэтам

08 красавіка 2018

top.jpg

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 красавіка, у светлае свята Пасхі, сустрэўся з мітрапалітам Філарэтам, ганаровым Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.

Сустрэча прайшла ў Мінскім епархіяльным упраўленні Беларускай Праваслаўнай Царквы. Аляксандр Лукашэнка і мітрапаліт Філарэт цёпла віталі адзін аднаго.

«Сёння я вырашыў прыехаць да вас у дамавы храм, які вельмі люблю. Хачу ад сябе асабіста і ад вас павіншаваць беларускі народ з гэтым светлым святам Пасхі. Гэта самае жаданае свята ў нашага народа, вы гэта добра ведаеце. Таму дазвольце мне павіншаваць вас з гэтым светлым святам і ўвесь беларускі народ, пажадаць яму дабра і шчасця», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы на Каляды традыцыйна наведвае буйныя беларускія храмы, а Вялікдзень пераважна сустракае ў адасобленых невялікіх цэрквах. У гэты раз месцам наведвання быў абраны дамавы храм у гонар Сабора Беларускіх святых. Прэзідэнт асабіста павіншаваў мітрапаліта Філарэта з днём нараджэння і светлым святам Пасхі.

Аляксандр Лукашэнка з сынам Мікалаем і Ганаровым Патрыяршым Экзархам запалілі свечкі ў дамавым храме і абмяняліся падарункамі.

Кіраўнік дзяржавы паднёс у дар мітрапаліту Філарэту велікодную кашолку і велікоднае яйка, выкананае ў тэхніцы сожскай скані. Мітрапаліт падарыў Прэзідэнту велікоднае яйка мастацкай работы з выявай іконы «Уваскрасенне Хрыстовае».

Афіцыйны партал Прэзідэнта РБ / Сhurch.by