Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній прыняў удзел у пасяджэнні Кансультатыўнага міжканфесійнага савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў
21 кастрычніка 202121 кастрычніка ў Мінску адбылося чарговае пасяджэнне Кансультатыўнага міжканфесійнага савета пад старшынствам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандра Аляксеевіча Румака.
У пасяджэнні прынялі ўдзел: архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній, першы намеснік Міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Алена Леанідаўна Богдан, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, прадстаўнікі шэрагу органаў дзяржаўнага кіравання, рэлігійных аб'яднанняў, грамадскіх арганізацый.
Удзельнікі сустрэчы разгледзелі пытанні захавання мер санітарнай бяспекі пры пандэміі COVID-19, дзяржаўнай рэгістрацыі рэлігійнымі арганізацыямі нерухомай маёмасці і зямельных адносін, правядзення рамонтных і рэстаўрацыйных работ у культавых будынках, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, арганізацыі пахавання памерлых згодна з рэлігійнымі традыцыямі. Таксама абмяркоўваліся пункты судакранання рэлігійнай і прававой сфер, перспектывы супрацоўніцтва Беларускага саюза жанчын з рэлігійнымі аб'яднаннямі.
***
Кансультатыўны міжканфесійны савет пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў дзейнічае з 2008 года. Дзейнасць Савета нацэлена на развіццё міжканфесійнага дыялогу, захаванне традыцый талерантнасці, актывізацыю ўзаемадзеяння органаў дзяржаўнага кіравання з рэлігійнымі арганізацыямі ў вырашэнні сацыяльна значных пытанняў.