Архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый і рабочая група пад кіраўніцтвам старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка абмеркавалі пытанні рэканструкцыі Жыровіцкай абіцелі

28 кастрычніка 2021

13.jpg

27 кастрычніка 2021 года ў Свята-Успенскім Жыровіцкім стаўрапігіяльным мужчынскім манастыры адбылося абмеркаванне праекта праграмы рэканструкцыі святыні з мэтай захавання гістарычнай спадчыны і пераўтварэння аб'ектаў манастыра і аграгарадка Жыровічы ў цэлым.

У працоўнай нарадзе прынялі ўдзел намеснік манастыра архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік, старшыня Слонімскага раённага выканаўчага камітэта Генадзь Хоміч, кіраўніцтва Гродзенскага аблвыканкама, прадстаўнікі Міністэрства культуры і Жыровіцкага манастыра.

У рамонце мае патрэбу галоўны храм манастыра – Успенскі сабор. Тут неабходна адрэстаўраваць унутранае ўбранне, абнавіць роспісы і паправіць дах. Далей у планах — будаўніцтва новай званіцы, якая павінна быць высокай і велічнай і надаць яшчэ большую значнасць абіцелі.

Жыровіцкі мужчынскі манастыр з'яўляецца адным з галоўных цэнтраў беларускага Праваслаўя і найбуйнейшым у краіне архітэктурным ансамблем XVII-XVIII стагоддзяў. Ва Успенскім саборы захоўваецца галоўная святыня абіцелі — цудатворны Жыровіцкі абраз Божай Маці, з цудоўнага з'яўлення якога і пачыналася больш за паўтысячы гадоў таму гісторыя духоўнага цэнтра.

25 чэрвеня 2021 года Жыровіцкі манастыр наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Падчас візіту кіраўнік дзяржавы абмеркаваў перспектывы добраўпарадкавання Жыровіцкага манастыра і ў цэлым аграгарадка Жыровічы. Ён адзначыў, што Жыровіцкая абіцель з'яўляецца святыняй для вернікаў з усяго свету.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся аб неабходнасці стварэння камфортных умоў для навучання студэнтаў духоўнай семінарыі, размешчанай на тэрыторыі манастыра.

12.jpg

 

14.jpgФота: Арцём Турлай (Прэс-служба Гродзенскага абвыканкама)

Навагрудская епархія/Church.by