Архіепіскап Полацкі Феадосій узначаліў урачыстасці ў гонар Дзісненскага абраза Прасвятой Багародзіцы
13 жніўня 201910 жніўня ў самым маленькім горадзе Беларусі — Дзісне — прайшло традыцыйнае свята ў гонар яўлення Дзісненскага абраза Прасвятой Багародзіцы «Адзігітрыя». У храме Уваскрасення Хрыстовага сабралася мноства вернікаў і паломнікаў з розных куткоў Беларусі і замежжа, каб пакланіцца цудатворнай іконе, адкрытай у канцы XVI — пачатку XVII стагоддзя.
Святочную Літургію здзейсніў архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій у саслужэнні клірыкаў епархіі.
Богаслужэбныя спевы выканаў хор кафедральнага сабора Нараджэння Прасвятой Багародзіцы горада Глыбокае пад кіраўніцтвам Таццяны Новік.
Пасля Бажэственнай літургіі адбыўся хрэсны ход, які прайшоў з храма Уваскрасення Хрыстовага да могілкавага храма ў гонар Смаленскай іконы Божай Маці «Адзігітрыя».
Праграма свята Дзісненскага абраза традыцыйная і не мяняецца з году ў год. Ступаючы па бруку ля Заходняй Дзвіны, хрэснаходцы ўспамінаюць, што, паводле падання, старажытная ікона прыплыла ў Дзісну па гэтай шырокай рацэ. Нясуць святы вобраз супрацоўнікі МНС. Гэта сімвалічна — бо вядомыя выпадкі ратунку ад пажараў па малітвах перад Дзісненскай святыняй.
Каля храма ў гонар Смаленскай іконы Божай Маці «Адзігітрыя» адбыўся малебен з акафістам, пасля чаго ўладыка Феадосій прамовіў пропаведзь. Затым хрэсны ход вярнуўся ў храм Уваскрасення Хрыстовага.
Правячы архіерэй падзякаваў вернікам за саборную малітву і ўручыў работнікам МНС падарункі.
Настаяцель Уваскрасенскага храма протаіерэй Генадзь Каранеўскі павіншаваў архіепіскапа Феадосія са святам ад імя духавенства.
Дзмітрый Сярэбранікаў, Уладзімір Суцягін, Ігар Сурмачэўскі і Ігар Шульгін уручылі уладыку 12 фатаграфій святара Паўла Валынцэвіча за 1903-1904 гады, на якіх адлюстраваныя віды Дзісны.
Урачыстасці завяршыліся супольнай трапезай.