Архіепіскап Полацкі Феадосій выступіў на канферэнцыі «Адукацыя — стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця рэгіёна»
27 жніўня 201824 жніўня ў Полацкім міжраённым камітэце дзяржаўнага кантролю адбылася канферэнцыя кіраўнікоў установы адукацыі і метадычнага актыву Полацкага раёна «Адукацыя — стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця рэгіёна». На сустрэчу з педагогамі быў запрошаны архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій.
— Паміж упраўленнем адукацыі Полацкага райвыканкама і Полацкай епархіяй цеснае супрацоўніцтва. Рэалізуюцца многія сумесныя праекты, і традыцыйна ў нашай жнівеньскай канферэнцыі прымае ўдзел глыбокапаважаны ўладыка Феадосій. Яго Высокапраасвяшчэнства заўсёды выступае перад педагагічнай грамадскасцю. І тыя напрамкі, якія пазначае ўладыка па маральнаму, духоўнаму выхаванню, вельмі важныя, істотныя і даюць, па традыцыі, старт для новага навучальнага года, — адзначыла начальнік упраўлення адукацыі Полацкага раённага выканаўчага камітэта Ірына Драздова.
У фае актавай залы была прадстаўлена выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Год малой радзімы». Дырэктар вучэбна-метадычнага цэнтра Наталля Васюк правяла для архіепіскапа Феадосія невялікую экскурсію.
У прывітальным слове да ўдзельнікаў канферэнцыі ўладыка Феадосій, у прыватнасці, нагадаў пра подзвіг вялікага палачаніна Францыска Скарыны, які выдаў Біблію на царкоўнаславянскай мове беларускай рэдакцыі.
— У прадмове да гэтага выдання ён напісаў: «Люду паспалітаму ў добрае навучанне». Гэтую запаведзь наш мудры і добры народ прыняў і беражліва захоўваў у сваім жыцці на працягу стагоддзяў. Ён жыў і кіраваўся словам Божым. Праца Скарыны — гэта выдатная вяха ў захаванні духоўна-культурнай спадчыны нашай нацыі. <...> Выдатны гісторык М.М. Карамзін сваю працу «Гісторыя дзяржавы Расійскай» называў «Гісторыя дрэва дзяржавы Расійскай». Калі паглыбіцца ў гэтую фразу: «гісторыя дрэва»... Нейкі ўнікальны вобраз параўнання. Гісторыя нацыі — гэта дрэва. А дрэва мае карані, ствол, галіны. Усе гэта адзіны жывы арганізм. Адсякі карані — загіне ўсё дрэва. Так і нацыя мае карані — вытокі сваёй гісторыі быцця, мае ствол — саму гісторыю, мае галіны — розныя грамадскія сферы і жыццё. На працягу ўсяго жыцця ішоў працэс фарміравання духоўных і культурных каштоўнасцяў нашай нацыі. Утварыліся гэтыя каштоўнасці, якія ў цяперашні час прыносяць выдатны плён. І ў гэтым працэсе ўдзельнічаюць і нацыя, і Царква. У 862 годзе паўстаў старажытны Полацк, праз 130 гадоў паўстала Полацкая епархія. З тых часоў яны ішлі разам па дарозе гістарычнага развіцця і дасягнулі эпохі нашага часу. Таму ў цяперашні час нельга адрывацца ад сваіх гістарычных каранёў, ад духоўных каранёў, — сказаў архіпастыр.
Адбылося ўшанаванне ветэранаў педагагічнай працы, якія прысвяцілі падрастаючаму пакаленню не адзін дзясятак гадоў, а таксама знаёмства з маладымі педагогамі — учарашнімі студэнтамі ВНУ. Прагучала анлайн-падзяка настаўнікам ад іх выхаванцаў, якія пасля профільнага навучання паступілі на педагагічныя спецыяльнасці.
Начальнік упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірына Драздова выступіла з дакладам «Адукацыя — стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця рэгіёна».
Завяршылася афіцыйная частка ўзнагароджаннем заслужаных настаўнікаў Полаччыны.