Архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый: «Мітрапаліт Філарэт унікаў ва ўсе пытанні клапатліва і па-бацькоўску»
24 лютага 202112 студзеня 2021 года, на 86-м годзе жыцця, адышоў да Госпада Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў). 20 лютага споўнілася 40 дзён з дня скону архіпастыра.
Артыкул архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя апублікаваны ў «Часопісе Маскоўскай Патрыярхіі» (№ 1, 2021, PDF-версія):
«Высокапраасвяшчэннейшы мітрапаліт Філарэт — апостал нашага часу, які чысцінёй свайго падзвіжніцкага жыцця ўвасобіў апостальскае паданне, прапаведуючы Хрыста Уваскрэслага і Узнесенага ў Славе. Усе добрыя словы, звернутыя да чалавека, дастасавальныя да вобразу незабыўнага ўладыкі.
Першая мая сустрэча з уладыкам Філарэтам адбылася ў Свята-Троіцкай Сергіевай лаўры, калі ён насіў тытул мітрапаліта Берлінскага і Сярэднееўрапейскага, Патрыяршага экзарха Сярэдняй Еўропы, і суправаджаў свайго настаўніка мітрапаліта Нікадзіма (Ротава) падчас візітаў у абіцель у 1975-1976 гадах.
Духаўнік Троіца-Сергіевай лаўры архімандрыт Кірыл (Паўлаў) быў унутрана звязаны з мітрапалітам Філарэтам. Многія адзначалі агульную асаблівасць уладыкі Філарэта і айца Кірыла ў зносінах. Гэта іх знакамітыя шматзначныя паўзы. Многія думалі, што ён збіраўся з думкамі, думаў, як правільна адказаць. Аднак гэта было часам малітвы. Свой адказ ён асвячаў малітвай.
Кожны, хто сустракаў на сваім жыццёвым шляху ўладыку Філарэта, захоўваў памяць аб гэтых хвілінах на ўсё жыццё. Ён меў дзіўную здольнасць глыбінна апускацца ў жыццё чалавека. Нават пасля кароткіх хвілін зносін уладыка станавіўся блізкім і родным.
Уладыка Філарэт прадставіў мяне Патрыярху і Свяшчэннаму Сіноду як кандыдата на архіерэйскае служэнне. 23 ліпеня 1989 года Блажэннейшы Патрыярх Вялікай Антыяхіі і ўсяго Усходу Ігнацій IV узначаліў маю архіерэйскую хіратонію ў Свята-Успенскім саборы Жыровіцкага манастыра.
Мітрапаліт Філарэт стаяў ля вытокаў аднаўлення Полацкай епархіі і старажытнага Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра. Уладыка клапатліва, па-бацькоўску ўнікаў у жыццё не толькі самой епархіі, але і ўсіх манастыроў, прыходаў, кожнага святара і міраніна. Хварэючы душой за даручаны яму Богам надзел, ён часта прыязджаў у епархію, стараўся падзяліцца каласальным вопытам, які набыў за сваё нялёгкае, насычанае падзеямі жыццё. Для мяне і для ўсіх ён быў любячым бацькам, — і для простага чалавека, і для кіраўніка горада.
Клапоцячыся аб аднаўленні і развіцці царкоўнага жыцця ў Беларусі, уладыка Экзарх разумеў важнасць адкрыцця новых епархій, і ў 1992 годзе была адроджана старажытная Віцебская епархія.
Мітрапаліт Філарэт прымаў жывы малітоўны ўдзел ва ўсіх знакавых падзеях Віцебскай епархіі: збудаванне крыжа ў памяць 1000-гадовага юбілею Праваслаўнай Царквы на Беларускіх землях; асвячэнне ў 2006 годзе аднаго з самых старажытных беларускіх храмаў — храма Благавешчання Прасвятой Багародзіцы горада Віцебска, у якім, паводле падання, заручыўся святы дабраверны князь Аляксандр Неўскі, 800-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета; пасяджэнне Сінода Беларускага Экзархату і ўрачыстасці з нагоды кананізацыі віцебскіх навамучанікаў — свяшчэннамучаніка Мікалая, прасвітара Віцебскага, і святога вызнаўцы Уладзіміра — 4 лістапада 2007 года; здзяйсненне першай Бажэственнай літургіі ў адноўленай Свята-Васкрасенскай царкве горада Віцебска ў 2009 годзе; асвячэнне саборам архіерэяў адноўленага ў горадзе Віцебску Свята-Успенскага кафедральнага сабора.
Асаблівым часам у жыцці мітрапаліта Філарэта быў перыяд яго знаходжання Ганаровым Экзархам усяе Беларусі, калі мы ўсе асабліва адчувалі яго малітоўную падтрымку.
Вестка пра смерць уладыкі Філарэта выклікала пачуццё смутку, якое з кожным малітоўным уздыхам вылівалася ў радасць ад здабыцця малітвенніка перад Прастолам Божым.
Сёння мы маем магчымасць духоўна ўдасканальвацца, бесперашкодна прапаведаваць Слова Божае, імкнуцца служыць Госпаду і народу Божаму ў «у пра́веднасці і свя́тасці íсціны». І ўладыка Філарэт сваёй шматгадовай свяціцельскай працай, як Ангел Царквы, зрабіў усё магчымае, каб мы маглі сведчыць свету пра Хрыста.
Апостал Павел заклікае: будзьце перайма́льнікамі маімі, як я — Хрыста (1 Кар. 11: 1), і жыццё Высокапраасвяшчэннейшага мітрапаліта Філарэта — гэта заклік да ўсіх нас пераймаць яго сапраўды апостальскаму служэнню на карысць Царквы Хрыстовай. Для ўсіх нас яго жыццё — узор суцэльнага служэння Госпаду ў чысціні, у разва́жлівасці, у доўгацярплíвасці, у до́брасці, у Духу Святы́м, у любові некрываду́шнай, у сло́ве ісціны, у сіле Божай (2 Кар. 6:6-7)».