Архіерэйскі хор Мінскага кафедральнага сабора атрымаў перамогу на міжнародным конкурсе «Поющий мир» у Санкт-Пецярбургу

29 верасня 2020

top.jpg

Архіерэйскі хор Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска стаў лаўрэатам першай ступені ў трох катэгорыях на міжнародным конкурсе «Поющий мир» у Санкт-Пецярбургу.

Арганізатарамі конкурсу выступілі: Камітэт па культуры Санкт-Пецярбурга і Цэнтр міжнароднага супрацоўніцтва «Інтэр Аспект» пры падтрымцы Дзяржаўнай акадэмічнай капэлы Санкт-Пецярбурга і Саюза кампазітараў паўночнай сталіцы Расіі.

Мінчукі выступалі ў катэгорыях «Царкоўныя хоры», «Духоўная музыка», «Народная музыка», усюды заняўшы першыя месцы. Двое салістаў архіерэйскага хору — Уладзіслаў Вітушка і Аліса Лапёнак — былі прызнаны лепшымі салістамі фестывалю. Акрамя гэтага, хор атрымаў спецыяльны прыз журы за лепшае выкананне духоўнага твора — «Кірые элейсан» на музыку Каталікоса-Патрыярха ўсяе Грузіі Іліі ІІ.

Архіерэйскаму хору Свята-Духава кафедральнага сабора ўсяго 6 гадоў, але ён ужо атрымаў прызнанне не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі, атрымаўшы перамогу на цэлым шэрагу прэстыжных міжнародных конкурсаў. У багатым рэпертуары калектыву — класічная духоўная музыка, народныя песні, творы сучасных кампазітараў. Заснавальнік хору, яго мастацкі кіраўнік і рэгент — Віталь Сабалеўскі.

Church.by