Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт наведаў госць з Афона

03 кастрычніка 2018

top.jpg

2 кастрычніка адбылася сустрэча насельніка манастыра Сіманапетра на Святой Гары Афон іераманаха Яфрэма (Керэстэтзіса) са студэнтамі і супрацоўнікамі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. У сустрэчы бралі ўдзел епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін і старшыня Сінадальнага аддзела па дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Кірыл Шолкаў.

Адбылася духоўная гутарка, у працэсе якой іераманах Яфрэм звярнуў асаблівую ўвагу на фізічны і душэўны боль. Святар адзначыў, што, калі чалавек адчувае боль, ён становіцца больш уважлівым, чулым, у яго выяўляецца вялікая здольнасць спачуваць і суперажываць навакольным. Чалавек здольны лепш спазнаць самога сябе, і яму прадастаўляецца магчымасць узрасці духоўна. Айцец Яфрэм казаў пра людзей, якія, прайшоўшы праз выпрабаванні, здабылі здольнасць суцяшаць і падтрымліваць многіх, хто пакутуе.

Іераманах Яфрэм таксама сказаў, што важна шчырае жаданне чалавека ўдасканальвацца і рухацца па гэтым шляху, нягледзячы на розныя абставіны і перашкоды. Асаблівую адказнасць на чалавека накладае служэнне бліжняму, таму будучым урачам вельмі важна быць уважлівымі і максімальна выкарыстоўваць усе веды на карысць пакутнага чалавека.

Епіскап Веніямін звярнуў увагу на тое, што іераманах Яфрэм быў знаёмы і меў зносіны са старцам Паісіем Святагорцам (1924 — 1994). Да яго за духоўнай парадай звярталася шмат людзей не толькі з Грэцыі, але і з усяго свету, а яго спадчына знаходзіць водгук у многіх сэрцах.

Айцец Яфрэм падрабязна распавёў аб дзіўным месцы — Святой Гары Афон, насельнікі якой вось ужо каля 1400 гадоў жывуць асаблівым манаскім укладам — служэннем Богу і блізкім. Манастыр Сіманапетра з'яўляецца адным з 20 манастыроў Афона, ён заснаваны ў 1257 годзе і размешчаны на вяршыні скалы на вышыні 330 метраў над узроўнем мора.

Студэнты і выкладчыкі задавалі святару пытанні, якія іх цікавілі. Іераманах Яфрэм, у сваю чаргу, шчыра падзякаваў прысутным за цёплы і сардэчны прыём.

Прэс-служба БДМУ Church.by