У Беларускім дзяржаўным універсітэце адкрылася выстава, прысвечаная памяці мітрапаліта Філарэта

16 мая 2021

top.jpg

14 мая 2021 года ў Беларускім дзяржаўным універсітэце адкрылася выстава, прысвечаная памяці мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Экспазіцыя знаёміць з жыццём і служэннем архіпастыра, гісторыяй Беларускай Праваслаўнай Царквы ў перыяд з 70-х гадоў ХХ стагоддзя да нашых дзён.

Выстава падрыхтавана ў Свята-Лізавецінскім манастыры горада Мінска і раней экспанавалася ў абіцелі. У вядучай ВНУ краіны экспазіцыя арганізавана ў супрацоўніцтве з Фундаментальнай бібліятэкай БДУ.

Увазе наведвальнікаў прадстаўлены 15 банэраў з фотаздымкамі мітрапаліта Філарэта, дзякуючы якім можна прасачыць гады юнацтва і навучання ў Маскоўскай духоўнай семінарыі, послуху ў Аддзеле знешніх царкоўных зносін Маскоўскага Патрыярхату і служэння ў Беларусі. Таксама прадстаўлены цытаты з багаслоўскіх прац архіпастыра «Абучэне любові», «Шлях служэння», «На шляху праўды», «На скрыжалях сэрца».

Працамі і малітвамі мітрапаліта Філарэта быў адкрыты Багаслоўскі факультэт святых Мяфодзія і Кірыла (цяпер Інстытут тэалогіі БДУ), уладыка быў яго дэканам. Таксама пры ўдзеле архіпастыра 1 верасня ва ўніверсітэце штогод арганізоўваліся малебен і гутаркі.

Успамінаючы на адкрыцці выставы аб тых цёплых сустрэчах, першы прарэктар БДУ Дзмітрый Мядзведзеў распавёў, што хвіліны прамых зносін з уладыкам былі для іх удзельнікаў вельмі каштоўнымі. «Мітрапаліт Філарэт, надзелены ад Госпада многімі дарамі, быў простым і адкрытым чалавекам. Я лічу, экспазіцыя гэтай выставы ў БДУ — вялікая і добрая справа. Мы рады, што нам удалося арганізаваць такое сумеснае мерапрыемства», — сказаў Дзмітрый Мядзведзеў.

Старэйшая сястра міласэрнасці сястрыцтва ў імя прападобнамучаніцы вялікай княгіні Лізаветы Зінаіда Лабасава распавяла, што мітрапаліт Філарэт быў цесна звязаны са Свята-Лізавецінскім манастыром. Абіцель міласэрнасці, якая злучае ў сабе манастыр і белае сястрыцтва, пачала будавацца з благаславення архіпастыра. «У гэтым была Божая задума і дапамога ў выглядзе пастырскага акармлення ўладыкі, які даваў сёстрам настаўленні, як несці сястрынскі послух. Потым пачаліся пострыгі белых сясцёр. Усе нашы пачынанні і задумкі былі з благаславення мітрапаліта Філарэта» — падзялілася ўспамінамі Зінаіда Лабасава.

Выстава, прысвечаная ўладыку — не першы сумесны праект абіцелі і БДУ. Супрацоўніцтва доўжыцца каля пяці гадоў. За гэты час праводзілася выстава памяці прападобнамучаніцы Лізаветы, экспанаваліся дарэвалюцыйныя фатаграфіі Святой Русі, аб'яднаныя ў праект «Русь Святая, узмахні крыламі». У ВНУ ёсць пакой-капліца ў гонар прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Праводзяцца гутаркі і малітвы са студэнтамі.

Пасля адкрыцця сёстры абіцелі правялі першую экскурсію па экспазіцыі для выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта.

Наведаць выставу можна па 21 мая. 

Свята-Лізавецінскі манастыр/Сhurch.by