Мітрапаліт Веніямін: «Мір — гэта дар Божы, і разам з тым вынік працы, пастаяннай працы чалавека над сабой»
27 кастрычніка 2026На сайце Выдавецкага дома «Звязда» апублікавана інтэрв'ю Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, падрыхтаванае Валянцінай Ждановіч для часопіса «Беларусь. Belarus».
У гутарцы архіпастыр расказаў аб святых і святынях Беларускай зямлі, дзейнасці Грамадскай рады па маральнасці, падтрымцы сям'і, пастырскім служэнні і асвятленні духоўных пытанняў у сродках масавай інфармацыі.
Прапануем увазе чытачоў фрагмент інтэрв'ю:
— Уладыка, вы часта сустракаецеся з журналістамі, адказваеце на іх пытанні. Але дазвольце ўдакладніць: а якія пытанні, звязаныя з верай, Царквой вы самі лічыце найбольш важнымі для асвятлення ў СМІ?
— Пра святы, розныя падзеі царкоўнага жыцця часам нават у свецкіх сродках масавай інфармацыі распавядаюць досыць падрабязна, але ў асноўным на ўзроўні фактаў. Чалавеку гэтага бывае недастаткова. Цяпер важна даносіць і тыя сэнсы, каштоўнасці, светапоглядныя ідэі, якія дапамагалі б кожнаму рабіць свой усвядомлены выбар у розных сітуацыях. Бо калі спадзявацца толькі на свой розум, то можна і памыліцца. А калі на вучэнне Царквы, на веданне духоўных законаў, то чалавеку лягчэй будзе ісці па жыцці такім правераным часам шляхам. Да прыкладу, як пераадольваць смутак, роспач? Ці наадварот: у чалавека вельмі добры настрой — а побач людзі яго не падзяляюць, і як яму сябе тады паводзіць? Як не заганарыцца ў радасці і не забыцца падзякаваць Богу за тое, што дасягнуў добрага выніку? Як не ўпасці ў залежнасць ад гаджэтаў? Як пераадолець залежнасць ад спіртнога, курэння? Як часам не раздражняцца?.. Шмат такіх момантаў, пра якія трэба казаць сучаснаму чалавеку. Ці, дакладней, звяртаць на гэта яго ўвагу, здолець падказаць, у які бок рухацца, дзе і што шукаць.
— У храмах мы часта чуем выгалас: «Мір вам!» А з чаго пачынаецца мір для асобна ўзятага чалавека? Ці адлюстроўваецца любоў і мір у нашай душы на душэўным стане іншых, на свеце, які нас акружае?
— Мір — гэта вялікае дабро і, здабыты ў душы чалавека, ён перадаецца іншым людзям. Мір — гэта дар Божы, і разам з тым вынік працы, пастаяннай працы чалавека над сабой. Як вучыў прападобны Серафім Сароўскі, чалавек закліканы «сцяжаць», гэта значыць працай, духоўнымі намаганнямі здабыць «дух міру». Гэтага і хочацца пажадаць усім людзям, і вам, дарагія чытачы.
Поўны тэкст інтэрвью — на сайце выдавецкага дома «Звязда».
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,

