Беларусы ўвайшлі ў лік пераможцаў міжнароднага фэсту звонарскага майстэрства «Абвяшчае, Хваліць, Кліча»

30 красавіка 2018

DSC_0624.JPG

20-22 красавіка 2018 года адбыўся VIII Міжнародны фестываль званарства «Абвяшчае, Хваліць, Кліча», які праходзіў у горадзе Супрасль (Польшча) у праваслаўным манастыры Благавешчання Прасвятой Багародзіцы, дзе знаходзіцца гістарычная званіца XVIII стагоддзя.

У фестывалі прынялі ўдзел навукоўцы і званары-практыкі з Польшчы, Расіі, Украіны, Італіі і Беларусі, у тым ліку 11 выпускнікоў і навучэнцаў аддзялення званароў (былой Школы званароў) Мінскага духоўнага вучылішча. Праслухоўванне канкурсантаў праходзіла ў трох намінацыях:

- «Майстар» (дарослыя прафесіяналы);

- «Open» (усе жадаючыя праверыць свае здольнасці);

- «Моладзь» (удзельнікі, маладзейшых за 16 гадоў).

У рамках фестывалю таксама прайшоў сімпозіум, на якім даследчыкі выступілі з дакладамі, раскрываючы гістарычныя, сацыякультурныя і багаслоўскія аспекты званарства.

У лік пераможцаў конкурсу ўвайшлі выпускнікі Школы званароў. I месца ў намінацыі «Майстар» было прысуджана Віктару Нячаеву, II месца ў намінацыі «Майстар» дасталася Юліі Каптур, Вера Бярозкіна і Фёдар Арцюховіч занялі адпаведна I і II месцы ў намінацыі «Моладзь».

Радасць перамогі падзяліў са сваімі выхаванцамі кіраўнік аддзялення званароў Багдан Бярозкін. Ад імя ўсіх удзельнікаў Багдан Уладзіміравіч выказаў падзяку арганізатарам фестывалю, уручыўшы епіскапу Супрасльскаму Андрэю (Польская Праваслаўная Царква) камплект кніг — дар для бібліятэкі Супрасльскай акадэміі.

Пасля ўрачыстага сумеснага спявання трапара Пасхі епіскап Андрэй падзякаваў ўсім удзельнікам фестывалю і ўручыў дыпломы.

— Асабліва прыемна, што з 23 удзельнікаў фестывалю 18 чалавек — выпускнікі аддзялення званароў Мінскага духоўнага вучылішча розных гадоў, — падкрэслівае Багдан Бярозкін.

Church.by