Брэсцкая праваслаўная маладзёжная каманда «NIKA» 13-ы раз стала пераможцам міжнароднай інтэлектуальнай інтэрнэт-гульні
31 сакавіка 2021Брэсцкая праваслаўная моладзевая каманда «NIKA» 13-ы раз стала пераможцам міжнароднай інтэлектуальнай гульні «Інтэрнэт-карусель». У складзе каманды — юнакі і дзяўчаты з моладзевага брацтва ў гонар Ціхвінскай іконы Божай Маці.
Інтэрнэт-карусель — каманднае інтэлектуальнае спаборніцтва па розных прадметах, якое ў анлайн-рэжыме праводзіць 6 разоў на год камісія па духоўнай асвеце Астанайскай епархіі Казахстанскай мітраполіі. Усім камандам адначасова прапануюцца ў строгім парадку адны і тыя ж пытанні, на якія трэба даць правільныя адказы. Спаборніцтва доўжыцца 70 хвілін.
У спаборніцтве прынялі ўдзел 30 каманд нядзельных школ, праваслаўных моладзевых рухаў і клубаў, а таксама свецкіх устаноў адукацыі і культуры з 6 краін: Расіі, Беларусі, Узбекістана, Казахстана, Літвы і Германіі.
Тэма гэтай гульні «Духоўная вясна» была прысвечана Вялікаму посту. Але заданні ўключалі таксама пытанні з розных галін ведаў: гісторыі Царквы, дагматыкі, геаграфіі, фізікі, філалогіі, біялогіі, эканомікі і іншых.
У выніку каманда «NIKA» набрала 494 балы і паказала самыя высокія вынікі сярод каманд.
Наступная і апошняя ў гэтым сезоне Інтэрнэт-карусель адбудзецца ў маі 2021 года.