Члены Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы наведалі Віцебск

19 сакавіка 2018

top.jpg

У Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі «Новы Запавет Госпада Нашага Іісуса Хрыста» ў перакладзе на сучасную беларускую мову. Прэзентацыю правялі першы прарэктар Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта протаіерэй Сергій Гардун і сакратар Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, доктар філалагічных навук Іван Чарота.

Мерапрыемства, прымеркаванае да Дня праваслаўнай кнігі, было арганізавана Віцебскім абласным грамадскім аб'яднаннем праваслаўных жанчын, Віцебскай духоўнай семінарыяй і Віцебскай абласной бібліятэкай.

Прэзентацыя пачалася з малітвы «Цару Нябесны», якая прагучала ў выкананні хору семінарыстаў пад кіраўніцтвам дыякана Аляксандра Буханцова.

Прывітальнае слова архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя агучыў сакратар Віцебскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Уладзімір Разановіч.

Тых, хто сабраўся, павітаў галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Дзяніс Валер'евіч Юрчак.

Доктар філалагічных навук Іван Чарота расказаў гасцям мерапрыемства аб тым, што 25 гадоў таму, калі Біблейская камісія пачала сваю працу над перакладам Свяшчэннага Пісання, ужо мелася 13 перакладаў Новага Запавету на беларускую мову, аднак ні адзін з іх не падыходзіў для выкарыстання ў богаслужэбнай практыцы. Усе гэтыя гады пяцёра чалавек працавалі над перакладам кніг Новага Запавету на сучасную беларускую мову, працуючы непасрэдна з старажытнагрэчаскім арыгіналам. У працэсе работы Біблейская камісія аналізавала і ўлічвала ранейшыя спробы перакладу Свяшчэннага Пісання.

Аб гэтых спробах удзельнікам прэзентацыі распавёў протаіерэй Сергій Гардун, які таксама звярнуў увагу на выяўленыя вартасці і недахопы гэтых перакладаў і прывёў прыклады такіх недакладнасцяў.

У завяршэнне мерапрыемства сакратар Віцебскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Уладзімір Разановіч перадаў асобнік кнігі «Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста» ў дар Віцебскай абласной бібліятэцы ў асобе яе дырэктара Таццяны Мікалаеўны Адамян. Таксама выданні Новага Запавету на беларускай мове з'явяцца і ў іншых бібліятэках Віцебшчыны.

Хор студэнтаў Віцебскай духоўнай семінарыі выканаў мнагалецце.

У гэты ж дзень члены Біблейскай камісіі наведалі Віцебскую духоўную семінарыю. У актавай зале духоўнай школы адбылася гутарка, у якой узялі ўдзел першы прарэктар Віцебскай духоўнай семінарыі протаіерэй Канстанцін Ізафатаў, прарэктар па вучэбнай рабоце протаіерэй Дзімітрый Савіч, прарэктар па выхаваўчай рабоце протаіерэй Аляксандр Лесавой, а таксама студэнты 1-5 курсаў і выкладчыкі семінарыі.

У ходзе абмеркавання былі закрануты пытанні папулярызацыі богаслужэнняў на беларускай мове, а таксама адзначана праблема гістарычных змяненняў богаслужэбных тэкстаў.

Віцебская епархія / Church.by