Члены Свяшчэннага Сінода сустрэліся з Кіраўніком беларускай дзяржавы

15 кастрычніка 2018

top.jpg

15 кастрычніка 2018 года ў Вялікай зале Палаца Незалежнасці ў горадзе Мінску адбылася сустрэча Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, членаў Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы і членаў Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам.

У сустрэчы прыняў удзел Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў).

Таксама ў сустрэчы ўдзельнічалі:

- з боку дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь: кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Н. І. Качанава, намеснік прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь І. В. Петрышэнка, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Л. П. Гуляка;

- з боку Царквы: Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў), кіраўнік спраў Мінскай Экзархіі архімандрыт Сергій (Брыч), старшыня Сінадальнага аддзела па ўзаемаадносінах Царквы з грамадствам і СМІ У. Р. Лягойда, в.а. кіраўніка Службы Патрыяршага пратакола протаіерэй Андрэй Бандарэнка, кіраўнік прэс-службы Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі свяшчэннік Аляксандр Волкаў.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь вітаў прысутных і сказаў уступную прамову:

«Ваша Свяцейшасць! Паважаныя члены Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы, Сінода Беларускай Царквы! Паважаныя госці, дарагія сябры!

Дазвольце мне яшчэ раз вітаць вас і падзякаваць за тое, што месцам чарговага пасяджэння Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы стала беларуская сталіца. Бачу ў гэтым сведчанне высокай ацэнкі намаганняў нашай дзяржавы па захаванню міру і згоды, развіццю міжканфесійнага дыялогу і падтрымцы канструктыўных ініцыятываў рэлігійных арганізацый.

Зноў вітаю Вас, Ваша Свяцейшасць, на беларускай зямлі. З вялікай удзячнасцю хачу адзначыць ваш неацэнны ўклад ва ўмацаванне ўзаемадзеяння Царквы і нашых уладаў, развіццё духоўнай сувязі нашых брацкіх народаў — Беларусі і Расіі. Мы вельмі высока цэнім Вашу пастырскую апеку і ўвагу да нашай краіны.

Беларусь за гады сваёй незалежнасці разам з Праваслаўнай Царквой прайшла доўгі і цярністы шлях умацавання духоўных асноў, здабыцця грамадствам маральных жыццёвых арыенціраў. Цяперашні напружаны, насычаны імклівымі зменамі час ставіць новыя задачы і пастаянна правярае нас на трываласць. XXI стагоддзе — эпоха глабальных трансфармацый. Гэта час прагрэсіўных тэхналогій з іх бязмежнымі магчымасцямі. Але гэтая бязмежнасць становіцца, на жаль, крыніцай шматлікіх пагроз і ў палітычнай, і ў духоўнай сферах. Пра гэта мы вельмі шмат (і, прабачце, больш патрэбнага паводле пратакола часу) гаварылі толькі што з нашым Патрыярхам. Мы часта бачым, што ў імя нейкай уяўнай дэмакратыі такія дзяржаўныя каштоўнасці, як абарона правоў і свабод грамадзян, падмяняюцца свядома або міжволі ўсёдазволенасцю, адмаўленнем нашых маральных асноў. Як вынік — адчужэнне, абыякавасць і нецярпімасць, якія спараджаюць непрыняцце людзей іншых нацыянальнасцяў і веравызнання. Спрэчка і рознагалоссі выліваюцца ва ўзаемны недавер, інфармацыйнае супрацьстаянне, гандлёвыя войны, ды і ва ўзброеныя сутыкненні. Мноства канфліктаў - гарачых, тлелых, замарожаных — бесперапынна адымае чалавечыя жыцці, сее боль і пакуты, спараджае агрэсію ў розных рэгіёнах, у тым ліку ў непасрэднай блізкасці да Беларусі. Аднак на пытанне, як вярнуць мір людзям, якія не па сваёй волі апынуліся ў эпіцэнтры гэтых падзей, адказу часцяком не бывае. А пытанне актуальнае для ўсіх, яно не раз станавілася прадметам дыскусіі на розных, у тым ліку самых аўтарытэтных, міжнародных пляцоўках.

Беларусь яшчэ памятае трагічныя ўрокі сваёй гісторыі. Таму мы цэнім мір, бяспеку, сяброўства і паразуменне, выступаем за адкрыты дыялог, супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне дзяржаў і народаў. Нашы ініцыятывы накіраваныя на абарону і захаванне традыцыйных каштоўнасцяў. Вядома, што частка з іх легла ў аснову рашэнняў арганізацыі Аб'яднаных Нацый, рашэнняў міжнародных і рэгіянальных арганізацый. Мінскі працэс, мінскія дамоўленасці, якія былі заключаны ў гэтых сценах, сталі візітнай карткай Беларусі як пляцоўкі для перамоў па сітуацыі на Украіне. Мы бліжэйшыя суседзі, брацкія славянскія народы. І мы будзем рабіць усё магчымае для таго, каб на ўкраінскую зямлю хутчэй вярнуліся мір і згода. Раскол — гэта не для нас, і мы зробім усё, я ў гэтым упэўнены.

Час - лепшы лекар і суддзя. Мы абавязкова будзем разам, таму што раскалоць нас немагчыма. Попыт на абнаўленне сістэмы мер па ўмацаванню даверу, бяспекі, супрацоўніцтва ў Еўропе з кожным днём толькі расце. Прыйшоў час звярнуцца да лепшага вопыту сусветнай гісторыі - да працэсу ў Хельсінкі мінулага стагоддзя. Гэтую ініцыятыву мы агучылі на Мінскай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Пазіцыя Беларусі ў пытаннях пераадолення рознагалоссяў у еўрапейсках і еўразійскай прасторах застанецца нязменнай. І тут, па майму глыбокаму перакананню, голас Царквы, адзін з найбольш магутных і ўплывовых, павінен гучаць ва ўнісон з дзяржавай. На шляху супраціўлення разбуральным тэндэнцыям сучаснасці ў дзяржавы і ў нашай Царквы шмат пунктаў судакранання. Найважнейшыя з іх — умацаванне хрысціянскіх жыццёвых арыенціраў, міжнацыянальнага міру, міжканфесійнага дыялогу, добрасуседства ўсіх рэлігій, абарона інстытута сям'і, шанаванне бацькоў, любоў да людзей, выхаванне патрыятызму, павага да гісторыі, мовы, культуры, сумленная праца. Гэта базавыя каштоўнасці, уласцівыя Праваслаўю, каталіцтву, іудаізму, ісламу. Таму згода паміж прадстаўнікамі традыцыйных рэлігій з'яўляецца непарушнай асновай жыцця ў нашай краіне. Аб'ядноўваючыся ў духоўных і маральных арыенцірах, дзяржава і канфесіі паказваюць ўзор высокаарганізаванага грамадства. Наша адзінства — лепшая абарона ад знешніх і ўнутраных пагроз. Я перакананы, сумеснымі намаганнямі нам удасца знайсці новае слушнае рашэнне па пераадоленню ўсіх выклікаў сучаснасці.

Жадаю Вам, Ваша Свяцейшасць, паважаныя прысутныя, Божай дапамогі ў вашым вялікім служэнні і шчасця бачыць плён сваіх прац. Заклікаю вас сёння ў гэтым цудоўным мірным горадзе да адкрытай размовы на злабадзённыя тэмы, якія так ці інакш прысутнічаюць у нашым жыцці... Ведаю, як няпроста вам, служыцелям Царквы, таму што вы ўладары сэрцаў людзей, іх духоўнасці. Я сказаў Патрыярху, што вам часцяком даводзіцца разбірацца з праблемамі, прычынай якіх служаць дзеянні палітыкаў. Мы часам паскараем ці выклікаем негатыўныя працэсы. Напэўна, нам якраз трэба папрасіць прабачэння перад вамі за тое, што адбываецца сёння ў праваслаўным свеце. Але павінен вас запэўніць: як бы ні складвалася сітуацыя, мы будзем рабіць усё, каб у мірнай, спакойнай Беларусі не было ніколі антаганістычных сутыкненняў не толькі паміж рэлігіямі, але і, барані Гасподзь, паміж намі, людзьмі праваслаўнымі. Мы будзем рабіць усё для таго, каб мы ўмацоўваліся — і наша дзяржава, і наш народ - у гэтай праваслаўнай веры. І я ўпэўнены: мы ўсё зробім для таго, каб захаваць наша адзінства. Члены Беларускай Праваслаўнай Царквы, члены нашага Сінода гэта добра ведаюць, таму я звяртаюся да вас, гасцей нашай сталіцы: вы заўсёды будзеце бываць у Беларусі, на гэтай зямлі, як на сваёй, і вы пра гэта ніколі не павінны забываць — так, як гэта робіць наш Патрыярх.

Я жадаю вам здароўя. Будзьце здаровыя! З усімі астатнімі праблемамі мы справімся, калі ў нас будзе здароўе. І Вам, Ваша Свяцейшасць, я жадаю такога ж моцнага здароўя і той веры, якой Вы былі зараджаныя з першых дзён Патрыяршага служэння. Дзякуй Вам за тое, што вы прыехалі».

Затым выступіў Свяцейшы Патрыярх Кірыл:

«Шаноўны Аляксандр Рыгоравіч, дзякуй Вам за добрыя словы, вельмі дарэчныя ў сувязі з маючай адбыцца працай Сінода. Сінод — гэта вышэйшы орган царкоўнай улады, які дзейнічае паміж Саборамі і валодае ўсімі паўнамоцтвамі, якія яму дэлегуе Архіерэйскі сабор, гэта значыць правам вырашаць усе бягучыя пытанні, звязаныя з унутраным і знешнім жыццём Царквы. Пасяджэнне, якое пачнецца адразу пасля нашай сустрэчы, будзе прысвечана шматлікім важным пытанням, у тым ліку мы разгледзім сітуацыю, якая склалася на брацкай Украіне ў выніку добра вядомых усім падзей.

Я хацеў бы яшчэ раз, як ужо рабіў неаднаразова, сказаць аб асаблівай ролі Беларусі, Беларускай Праваслаўнай Царквы. Беларусь адыгрывае вельмі важную ролю ў сістэме ўзаемаадносін краін на постсавецкай прасторы, а Беларуская Праваслаўная Царква з'яўляецца вельмі важнай арганічнай часткай Маскоўскага Патрыярхату. Сведчаннем таго, наколькі мы высока цэнім гэтую ролю, з'яўляецца правядзенне Свяшчэннага Сінода ў сталіцы Беларусі.

Вы вельмі правільна пачалі сваю прамову з тэмы маральных асноў чалавечага быцця. Маральнасць — гэта тое, што рэгулюе паводзіны чалавека. Людзі могуць ведаць ці не ведаць законы, але і тыя, хто ніякіх законаў не ведае, могуць, тым не менш, рабіць учынкі паводле сумлення. Што гэта азначае? А тое, што маральны закон дадзены Богам, ніякай эвалюцыяй гэтую з'яву растлумачыць немагчыма. Богам дадзены маральны закон чалавек апазнае, прыслухоўваючыся да голасу сумлення, што і з'яўляецца галоўным рэгулятарам чалавечй паводзінаў. І як важна, каб дзяржаўнае заканадаўства арганічна злучалася з маральным падмуркам, каб законы вынікалі з бажэственнага маральнага закона, закона чалавечага сумлення!

Мы ведаем, што Рэспубліка Беларусь сёння знаходзіцца на ўздыме. Развіццё эканомікі, устойлівае ўнутранае становішча, аўтарытэт на знешняй арэне — усё гэта шмат у чым абумоўлена падтрымкай, якую народ аказвае ўладзе, высокай ступенню кансалідацыі грамадства. Але гэта было б немагчыма, калі б законы Рэспублікі, калі б дзяржаўная палітыка разыходзіліся з тым самым маральным падмуркам, пра які мы зараз гаворым. Бо кіраўнікі і ўрады ацэньваюцца народам у першую чаргу паводле таго, ці дзейнічаюць яны паводле справядлівасці, ці адгукаюцца на рэальныя спадзяванні людзей.

Заўсёды надаю вельмі вялікае значэнне нашым з Вамі гутаркам, асабліва таму, што значную частку часу мы прысвячаем нефармальнаму абмеркаванню вельмі важных пытанняў. Вось і сёння мы гаварылі пра многае — і пра тое, што датычыцца нашых краін, нашых народаў, нашай Царквы, і пра міжнародную сітуацыю. Магу з глыбокім задавальненнем засведчыць згоду бакоў у абмеркаванні самых важных пытанняў. Аб чым гэта кажа? Гэта сведчыць пра тое, што Царква, звязаная з народам, не можа думаць інакш, чым думаюць людзі. Царква абавязаная быць настаўнікам, але адначасова яна засноўвае сваю дзейнасць на народных спадзяваннях, на тым, як народ разумее тое, што адбываецца ў свеце. Гэтак жа дзейнічае і ўсякі разумны ўрад, і калі пазіцыя царквы і пазіцыя ўрада супадаюць, мы называем гэта гарманічным, сімфанічным узаемадзеяннем Царквы і дзяржавы.

Тое, што сёння адбылося да нашай афіцыйнай сустрэчы — працяглая гутарка Патрыярха з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам, — як раз можна апісаць тэрмінам «сімфанічнае ўзаемадзеянне». Думаю, вельмі карыснае для абодвух бакоў, якое можа паслужыць на дабро нашай Царквы і нашых народаў.

Хацеў бы яшчэ раз шчыра падзякаваць Вам за тое, як Вы адказваеце на просьбы з боку Беларускай Царквы. Вы ведаеце, што адбываецца ў Рэспубліцы, і цудоўна, што вы таксама выдатна ведаеце тое, што адбываецца ў асяроддзі вашага праваслаўнага народа, вашай Царквы. У вашых словах я адчуў сёння вялікую любоў і да свайго народу, і да Праваслаўнай Царквы. І мы будзем маліцца, каб Гасподзь умацоўваў Вас на шляхах вашага прэзідэнцкага служэння народу, каб Гасподзь дараваў вам добрае здароўе і поспехі ва ўсёй вашай шматграннай дзейнасці - і на ўнутраным полі, такім важным, таму што ад яго шмат у чым залежыць дабрабыт народа, і на полі знешняга служэння, калі гаворка ідзе аб узаемадзеянні з іншымі краінамі свету.

Дай Бог, каб Беларусь заўсёды заставалася фактарам міру і стабільнасці на постсавецкай прасторы. Ад усяго сэрца яшчэ раз Вас вітаю і дазваляю сабе ад імя ўсіх прысутных тут уладык яшчэ раз пажадаць вам добрага здароўя, дапамогі Божай у вашым высокім прэзідэнцкім служэнні».

Па прапанове Свяцейшага Патрыярха Кірыла члены Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы, і Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы праспявалі «Многія леты» А. Р. Лукашэнку.

Затым слова было прадастаўлена Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Паўлу, які распавёў прысутным аб завяршэнні працы камісіі, якая на працягу 25 гадоў працавала над перакладам Свяшчэннага Пісання Новага Запавету. Камісія, у склад якой увайшлі святары і навукоўцы, выканала пераклад са старажытнагрэчаскага арыгінала на сучасную беларускую мову. На апошнім пасяджэнні Сінода Беларускага Экзархату было прынята рашэнне вылучыць перакладчыцкую групу на суісканне прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Патрыяршы Экзарх прадставіў пераклад Евангелля на беларускую мову; падарункавы экзэмпляр у скураной вокладцы быў паднесены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.

У заключэнне А. Р. Лукашэнка яшчэ раз падзякаваў Свяцейшаму Патрыярху Кірылу за ўвагу да патрэб Праваслаўнай Царквы ў Рэспубліцы Беларусь. «Не патрэбныя ніякія запрашэнні, каб Патрыярх прыязджаў сюды, на нашу зямлю. Гэта і яго зямля, і ён можа ў любы час толькі патэлефанаваць, што будзе тут, і мы будзем яго сустракаць. Вы не толькі Патрыярх, вы блізкі нам чалавек, яшчэ з тых часоў, калі вы ездзілі са Смаленска ў Калінінград, з Калінінграда ў Смаленск, і кожны раз па нашай зямлі. Вы тады сапраўды ацанілі Беларусь, і я зразумеў, што мы яшчэ вельмі многае здольныя зрабіць разам. Давайце будзем разам, давайце будзем рэагаваць на ўсе выклікі актыўна, з разуменнем», — заклікаў Прэзідэнт.

«Мы ведаем галоўнае: наша сіла ў адзінстве, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Сёння многім хацелася б нас падзяліць, а што адбываецца з падзеленымі народамі, мы ведаем. Таму ў імя нашай светлай будучыні, у імя нашага адзінства нам трэба быць не толькі моцнымі, але і мудрымі. Царква заўсёды славілася сваёй мудрасцю. Я ўпэўнены, што мы, грунтуючыся на гэтай векавой мудрасці, пераадолеем усе нягоды. Вы прыехалі ў мірную, спакойную праваслаўную Беларусь. У нашага народа генетычны код такі, мы напакутаваліся ў апошнюю вайну, але адрадзіліся дзякуючы адзінству. Мы памятаем, што рускі чалавек заўсёды прыходзіў да нас на дапамогу, і мы ніколі не здраджвалі і не падводзілі нашых братоў, якія жылі некалі ў адзінай краіне. Прыйдзе час, і мы пераадолеем гэтыя нягоды, я ў гэтым абсалютна перакананы. І я хачу пажадаць вам, Ваша Свяцейшасць, нашым служыцелям Царквы набрацца мужнасці і пераадолець праблемы, якія перад імі стаяць».

Падводзячы вынікі сустрэчы, Свяцейшы Патрыярх Кірыл, звяртаючыся да А. Р. Лукашэнкі, сказаў: «Яшчэ раз шчыра ад імя ўсяго епіскапату, тут прысутнага, дзякую Вам за Вашы мудрыя словы, за той час, які Вы нам падарылі, і за магчымасць гэтых выдатных зносін».

***

Палац Незалежнасці быў узведзены ў 2011-2013 гадах.

У Палацы праходзяць найважнейшыя дзяржаўныя мерапрыемствы Рэспублікі Беларусь, уручэнне замежным паслам даверчых лістоў, нарады кіраўнікоў дзяржаў і г.д. Палац Незалежнасці ў комплексе з плошчай Дзяржаўнага флага закліканы падкрэсліваць непахіснасць беларускай дзяржаўнасці і незалежнасці.

Агульная плошча Палаца Незалежнасці складае каля 50 тысяч квадратных метраў.

11 і 12 лютага 2015 года ў Палацы Незалежнасці прайшлі 15-гадзінныя перамовы прэзідэнтаў Украіны, Францыі, Расіі і канцлера Германіі па ўрэгуляванні крызісу на ўсходзе Украіны.

Прэс-служба Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі / Church.by

Фотарэпартаж