Сольны канцэрт невідушчай спявачкі Вольгі Патрый пройдзе ў Лізавецінскім манастыры 16 ліпеня
14 ліпеня 2017«Падарунак манахіні» — менавіта пад такой назвай у будынку нядзельнай школы Лізавецінскага манастыра пройдзе канцэрт вядомай паэткі, кампазітара і выканаўцы ўласных песень Вольгі Патрый. Гасподзь не даў ёй зрок, але ўзнагародзіў дзівосным голасам, а пасля, як лічыць спявачка, «навучыў» пісаць музыку і іграць на фартэпіяна.
Канцэрт пройдзе ў рамках праекта «Жыццё з белым кіем», які дапамагае самарэалізацыі невідушчых творчых людзей. Арганізатарамі канцэрта выступілі прыход храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі ў горадзе Мінску і паломніцкі цэнтр Лізавецінскага манастыра.
Вольга Патрый не раз станавілася лаўрэатам конкурсаў і фестываляў аўтарскай песні, дыпламантам рэспубліканскага конкурсу артыстаў эстрады і лаўрэатам міжнароднай прэміі «Філантроп». Свае творы Вольга Патрый выконвала на розных сцэнах: і ў невялікіх беларускіх парафіях, і ў канцэртнай зале «Расія» ў Маскве.
— На канцэрце гледачы пачуюць мае новыя песні, толькі «Спяць у садзе кветкі» і «Госпадзі, памілуй» будуць са старога дыска. Не буду раскрываць усе сакрэты, скажу толькі, што прагучаць творы вельмі эмацыйныя, з напалам жарсцяў і дынамікай развіцця. Спадзяюся, я апраўдаю надзеі слухачоў, і паўтары гадзіны нашай шчырай музычнай размовы пройдуць незаўважна, — падзялілася сваімі планамі спявачка.
Творчы вечар «Падарунак манашцы» адбудзецца ў гэтую нядзелю, 16 ліпеня, у 13:00 у зале сходаў нядзельнай школы манастыра (г. Мінск, вул. Выгоцкага, 5). Уваход вольны!