Дабравесце.by: Новы Запавет на беларускай мове даступны ў Інтэрнэце
20 ліпеня 2020Новы Запавет у перакладзе на сучасную літаратурную беларускую мову даступны інтэрнэт-карыстальнікам на сайце dabravesce.by. Працуе і адпаведны мабільны дадатак, які можна спампаваць на Google Play Market. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook актывіст брацтва ў гонар Трох Віленскіх мучанікаў Кастусь Антановіч.
Нагадаем, што Свяшчэннае Пісанне Новага Запавету пераклала на беларускую мову Біблейская камісія Беларускай Праваслаўнай Царквы. Працэс перакладу доўжыўся 25 гадоў, а яго завяршэнне стала важнай падзеяй айчыннай культуры ў 2017 годзе.
На сайце dabravesce.by таксама апублікаваны пераклады Бажэственнай літургіі свяціцеля Іаана Залатавуста, паследаванне да Святога Прычашчэння, ранішніх і вячэрніх малітваў, велікодных і калядных спеваў.
Даступныя і аўдыяверсіі перакладаў: тэкст Свяшчэннага Пісання чытае акцёр і тэлевядучы Юры Жыгамонт, малітвы чытае протаіерэй Сергій Гардун.
Распрацоўшчыкі сайта — брацтва ў гонар Трох Віленскіх мучанікаў і прыход храма роўнаапостальнай княгіні Вольгі (Мінск). Прапановы і заўвагі прымаюцца па электронным адрасе брацтва: bpbtvm@tut.by.