Дэлегацыя Міністэрства працы і сацыяльнай абароны азнаёмілася з вопытам сацыяльнай працы на падвор'і Свята-Лізавецінскага манастыра ў вёсцы Лысая гара
26 жніўня 202226 жніўня 2022 года ў рамках супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой дэлегацыя Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь на чале з міністрам Ірынай Касцевіч наведала мужчынскае падвор'е Свята-Лізавецінскага манастыра ў вёсцы Лысая гара ў Мінскім раёне. Сустрэча была арганізавана з мэтай азнаямлення прадстаўнікоў міністэрства з сацыяльнымі праектамі БПЦ.
Удзел у сустрэчы з боку Беларускай Праваслаўнай Царквы прыняў старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню БПЦ протаіерэй Кірыл Шолкаў.
На падвор'і праходзяць працоўную і сацыяльную рэабілітацыю людзі з няпростым лёсам: тыя, хто пакутуе на залежнасці, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі або страціў сацыяльныя сувязі.
Па выніках візіту былі намечаны далейшыя шляхі супрацоўніцтва ў галіне арганізацыі і рэалізацыі новых сацыяльных праектаў паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны.
Пасля азнаямлення з дзейнасцю падвор'я Ірына Касцевіч адзначыла, што БПЦ мае ўнікальны вопыт у развіцці дабрачыннасці, назапашаны за шматгадовую гісторыю сацыяльнага служэння. «Супрацоўніцтва з праваслаўнымі арганізацыямі сёння разнапланавае. Вопыт, які прадстаўлены Свята-Лізавецінскім манастыром, з'яўляецца па сутнасці унікальным у адраджэнні чалавечага духу, вяртанні асобы да агульнахрысціянскіх асноў, маральных каштоўнасцяў», — падзялілася ўражаннямі міністр.
Пры Свята-Лізавецінскім манастыры дзейнічаюць больш за дваццаць розных майстэрняў — іканапісная, швейна-вышывальная, свячная, сталярная, слясарна-механічная, сценапісна-мазаічная і інш. На мужчынскім падвор'і (заснавана ў 1998 годзе) пражываюць каля 170 братоў. Манастыр забяспечвае іх усім неабходным — жыллём, адзеннем, харчаваннем, прадметамі асабістай гігіены, лекамі і г.д. Кожны тыдзень праводзяцца гутаркі са святаром. Па нядзелях для жадаючых вывучаць асновы Праваслаўя дзейнічае нядзельная школа.
Сінадальны аддзел па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню БПЦ/Міністэрства працы і сацыяльнай абароны