Экзаршы інклюзіўны хор «Радасць душы» высадзіў сямейную дубовую алею ў Каменнай Горцы
06 лістапада 2020Алею з 30 дрэў высадзілі ў мікрараёне Каменная Горка. Маладзенькія дубкі ўпрыгожылі новы спальны мікрараён сталіцы.
Гэтую экалагічную кампанію Экзаршы інклюзіўны хор «Радасць душы» праводзіць штогод, прысвячаючы Міжнароднаму месяцу белага кія. Акцыя стала традыцыйнай. Яна паспяхова паказвае, што невідушчы чалавек можа ўнесці пасільны ўклад у добраўпарадкаванне горада, раёна, двара, сваёй вуліцы.
Міжнародны месяц белага кія праводзяць у многіх краінах свету штогод з 15 кастрычніка, арганізуючы акцыі з мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў па зроку і іх інтэграцыі ў грамадства.
Як адзначыў іерэй Дзімітрый Ворса, настаяцель храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі, супрацоўнікі інклюзіўнага хору і яго кіраўнік Алена Маслава надаюць вялікае значэнне не толькі навучанню харыстаў музыцы, але і сацыялізацыі гэтых людзей.
— Гэта дзіўна — глядзець, як невідушчы чалавек саджае для нас, відушчых, дрэўцы, каб мы потым убачылі, як прыгожа яны зазелянеюць, — дзеліцца айцец Дзімітрый.
Дапамагалі харыстам парафіяне храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі і жыхары мікрараёнаў Дамброўка і Каменная Горка. Яны ж набылі саджанцы ў садовых цэнтрах Мінска.
Дарэчы, летась хор высадзіў яблыневую алею ў Дамброўцы, і гэтай вясной дрэвы ўжо радавалі жыхароў мікрараёна сваім цвіценнем.