Епіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан узначаліў Літургію пад адкрытым небам на тэрыторыі былога Макар'еўскага манастыра
15 мая 2017Да 1928 года на Гомельшчыне дзейнічаў жаночы манастыр у гонар свяціцеля Макарыя Кіеўскага. Багаборцы закрылі абіцель, перадаўшы яе будынкі мясцоваму саўгасу. Пасля гэтага манастыр так і не быў адроджаны.
Каб нагадаць вернікам аб бессмяротным подзвігу свяціцеля Макарыя і ўшанаваць памяць насельнікаў страчанай абіцелі, 13 мая 2017 года епіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан узначаліў хрэсны ход з Гомеля да месца, дзе стаяў манастыр, а затым здзейсніў пад адкрытым небам Бажэственную літургію.
У пропаведзі ўладыка адзначыў:
— Калісці тут быў вялікі манастыр, у якім гарэла яркім агнём свечка хрысціянскай веры, у якім цякло жыццё і была сувязь з Богам. Але амаль сто гадоў таму гэта некалі святое месца было аддадзена пад свінушнікі і хлявы. Наша місія, як сапраўдных вернікаў, — ніколі не забываць аб мінулым гэтага месца. Сённяшняя служба – гэта першае амаль што за сто гадоў богаслужэнне на дадзеным месцы, і яно павінна стаць пачаткам вяртання да вытокаў. Сёння мы аддаём даніну памяці не толькі гэтаму храму, але і свяціцелю Макарыю Кіеўскаму, які пад катаваннямі не здаўся ворагу і прыняў пакутніцкую смерць. Яго імя таксама забываецца, а гэты грэх будзе на нашай віне. Гэта не адзіны прыклад: наша пакаленне стала забываць мясцовашанаваных святых, ведаюць двух-трох, але ж толькі ў нашай вобласці іх каля шаснаццаці! Наша мэта — адраджаць памяць і перадаць яе будучым пакаленням, каб кожны вернік ведаў сваіх герояў.
Пра Макар'еўскі манастыр
Паводле падання, каля 1760 года ля зліцця рэк Драгіціўля і Харапуць атабарыўся старац-старавер Іасаф, які ўцёк з горада Гжацка ад царскіх уладаў. У 1783 годзе гэта месца вядома пад назвай раскольніцкая Асафава пустынь. У 1799 годзе манастыр называецца Іасафаўскім, з 1820-х гадоў называецца Макар'еўскім. Пастановай Сінода ў 1844 годзе манастыр быў звернуты ў адзінавер'е, першым яго настаяцелем быў ігумен Гермаген, які памёр у сане архімандрыта ў 1860 годзе. Другім настаяцелем стаў архімандрыт Гедэон (да 1874 года), трэцім — іераманах Іаан (памёр у 1878 годзе). Па прычыне малалікасці насельнікаў у 1876 годзе манастыр закрыўся, яго маёмасць было перададзена суседняму манастыру ў Чэнках. Да 1914 года на месцы манастыра знаходзіліся толькі закінутыя будынкі. 12 сакавіка 1914 года рашэннем Сінода была створана жаночая абшчына ў гонар свяціцеля Макарыя Кіеўскага, прыпісная да Чэнскага манастыра. 7 ліпеня з Чэнскага ў Макар'еўскі была перанесена цудатворная Казанская ікона Божай Маці. Указам Сінода 2 жніўня 1916 года манастыр быў ператвораны ў самастойны жаночы. Першай ігуменняй стала манахіня Серафіма (Арлова). На тэрыторыі манастыра быў адзіны каменны будынак, які ў руінах захаваўся дагэтуль. У ім быў дамавы храм у гонар Казанскай іконы Божай Маці. Манастыр быў закрыты ў 1928 годзе, будынкі і маёмасць перададзены саўгасу «Харапуць».
Пра свяціцеля Макарыя
Аб жыцці і дзейнасці свяшчэннамучаніка мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Русі Макарыя вядома вельмі мала, але і з таго, што дайшло да нашых дзён, можна зрабіць выснову, што гэты чалавек быў у вышэйшай ступені варты славы, якой яго ўвянчаў пакутніцкі скон. Невядома, калі ён нарадзіўся, як прыйшоў да служэння Богу, калі прыняў пострыг. Першыя гістарычна дакладныя звесткі аб ім адносяцца да перыяду, калі ён ужо быў пасвечаны ў сан архімандрыта Віленскага Свята-Траецкага манастыра, галоўнай абіцелі Вялікага Княства Літоўскага. У 1494 годзе памёр мітрапаліт Іона, і саборам праваслаўных епіскапаў Вялікага Княства Літоўскага архімандрыт Макарый быў узведзены ў сан мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Русі. Свяціцельства мітрапаліта Макарыя выпала на вельмі небяспечны і цяжкі час — краіна знаходзілася ў стане няспыннай вайны з татарамі, якія кожны год урываліся ў межы Вялікага Княства Літоўскага, пакідаючы пасля сябе толькі выпаленую зямлю. 1 мая 1497 года, здзяйсняючы водны шлях па Прыпяці, свяціцель спыніўся ў вёсцы Скрыгалаў (Скриголов) каля Мазыра для здзяйснення Бажэственнай літургіі. Калі свяціцель праводзіў богаслужэнне, на вёску напалі татары. Свяціцель заклікаў прысутных ратавацца, а сам застаўся каля алтара і прыняў пакутніцкую смерць.