Епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній наведаў епархіяльны экалагічны злёт «Праваслаўная моладзь за ўстойлівае развіццё»

30 ліпеня 2021

top.jpg

29 ліпеня 2021 года епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній наведаў епархіяльны экалагічны злёт «Праваслаўная моладзь за ўстойлівае развіццё».

Форум праходзіць ужо чатырнаццаты год, яго арганізатарам выступае экалагічны аддзел Гродзенскай епархіі на чале з протаіерэем Георгіем Субаткоўскім. Пляцоўкай для злёту стала ўрочышча «Хваёва» каля Зэльвенскага вадасховішча. Злёт сабраў каля 220 чалавек, удзел у ім прымаюць клірыкі і маладыя вернікі не толькі з Гродзенскай, але і з іншых епархій Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Па дарозе архіпастыр пабываў ва Увядзенскім храме ў аграгарадку Каралін — тут, па традыцыі, здзяйсняюцца набажэнствы, за якімі моляцца і прыступаюць да Таінстваў Царквы ўдзельнікі злёту.

Гасцямі моладзевага форуму таксама сталі старшыня Зэльвенскага райвыканкама Дзяніс Аляксандравіч Альшэўскі і яго намеснік Сяргей Мікалаевіч Лойка.

На злёце «Праваслаўная моладзь за ўстойлівае развіццё» працуюць майстар-класы на любы густ: тут можна навучыцца плесці кошыкі з паперы, шыць мяккія цацкі, вырабляць на ганчарным станку гліняныя сасуды. У пашане тут і актыўныя віды вольнага часу: плаванне на катамаранах і лодках, тралей — хуткасны спуск па тросе.

Праасвяшчэнны ўладыка правёў з удзельнікамі злёту гутарку, тэмамі якой сталі клопат аб стварэнні Божым, пошук Бога ў сучасным дынамічным свеце, маральныя ідэалы і сямейныя каштоўнасці.

Протаіерэю Георгію Субаткоўскому Яго Праасвяшчэнства выказаў асаблівую падзяку за працу па арганізацыі экалагічнага форуму і добрую пастырскую апеку аб моладзі.

20_06_22_1vizit_03_2.jpg

У працяг дня епіскап Антоній наведаў старажытны храм Архангела Міхаіла ў вёсцы Сынкавічы.

Гродзенская епархія/Church.by