Епіскап Лідскі Парфірый узначаліў працу чацвёртых епархіяльных Калядных чытанняў
29 кастрычніка 201826 кастрычніка 2018 года ў горадзе Лідзе адбыліся IV Лідскія епархіяльныя Калядныя адукацыйныя чытанні.
Перад пачаткам чытанняў епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый здзейсніў малебен з заклікам дапамогі Святога Духа на ўсякую добрую справу ў Архістратыга-Міхайлаўскім кафедральным саборы горада Ліды.
Яго Праасвяшчэнству саслужылі айцы благачынныя і кіраўнікі аддзелаў Лідскай епархіі. У храме маліліся ўдзельнікі чытанняў, якія прыбылі з усіх благачынніцкіх акруг епархіі.
Затым у актавай зале Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі адкрылася пленарнае пасяджэнне.
У прывітальным слове епіскап Парфірый звярнуў увагу прысутных на праблему няправільнага разумення свабоды нашымі сучаснікамі і падкрэсліў, што без правільных маральных арыенціраў свабода можа быць выкарыстана на шкоду.
Таксама ўдзельнікаў чытанняў вітала член Савета Рэспублікі, старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэса Генадзьеўна Белуш.
З дакладам «Выхаванне свабоднага і адказнага чалавека ў духу Святога Евангелля» выступіў кіраўнік аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Лідскай епархіі протаіерэй Расціслаў Лямачка.
Далей з дакладамі выступілі госці епархіяльных чытанняў. Протаіерэй Іаан Задарожын, старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па справах моладзі, у выступленні «Арганізацыя моладзевай працы ў епархіях Беларускай Праваслаўнай Царквы» вызначыў галоўныя задачы ў рабоце моладзевых царкоўных арганізацый. На думку айца Іаана, гэта свабода ў Хрысце, любоў і павага да маладых людзей, шчырасць і адкрытасць.
Протаіерэй Вячаслаў Гаплічнік, кіраўнік аддзела па справах моладзі Гродзенскай епархіі, распавёў аб розных формах і кірунках у рабоце з моладдзю ў брацтвах Гродзенскай епархіі.
Іерэй Павел Рамановіч, кіраўнік аддзела па справах моладзі Брэсцкай епархіі пазнаёміў прысутных з гісторыяй станаўлення і шляхамі развіцця царкоўнай моладзевай місіі на Брэстчыне.
Пасля выступленняў адбылося ўзнагароджанне Граматамі шэрагу калектываў, педагогаў, сацыяльных работнікаў і царкоўных супрацоўнікаў Лідскай епархіі.
У завяршэнне пленарнага пасяджэння з музычнымі нумарамі выступілі выхаванцы Лідскай дзіцячай школы мастацтваў.
Падчас перапынку брацтва свяціцеля Васілія Вялікага пры саборы Усіх святых горада Ліды запрасіла ўдзельнікаў на чаяванне, пасля чаго праца чытанняў працягнулася ў секцыях.