Епіскап Полацкі Ігнацій: Сіла Праваслаўя паказваецца, а не даказваецца
26 кастрычніка 201924 кастрычніка епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій наведаў Полацкі каледж установы адукацыі «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава».
Архіерэя суправаджаў сакратар епархіі протаіерэй Аляксандр Пятліцкі.
Спачатку адбылася прыватная гутарка Уладыкі Ігнація з дырэктарам каледжа Таццянай Палушкінай. Таццяна Генадзьеўна расказала архіпастыру аб гісторыі і развіцці каледжа.
У актавай зале высокага госця гасцінна сустрэлі выкладчыкі і навучэнцы, пасля чаго адбылася ажыўленая гутарка.
Са слоў уладыкі, моладзь павінна адчуць добрае асяроддзе Царквы, усвядоміць, што царкоўная прастора спрыяльная для жыцця чалавека.
— І калі нябачная благадаць Царквы закране сэрцы слухачоў, то мэта дасягнута, і моладзь будзе з задавальненнем хадзіць у храм і рабіць добрыя справы. Жыць паводле веры, прапаведуючы сваім жыццём вучэнне Хрыстовае — сказаў архіпастыр.
Епіскап Ігнацій адзначыў, што важна стварыць праваслаўнае моладзевае асяроддзе, у якім любы чалавек адчуваў бы сябе добра. Ад узроўню духоўнасці будзе залежаць тое, як цяперашнія студэнты пабудуюць узаемаадносіны са сваімі будучымі вучнямі.
— Сіла Праваслаўя паказваецца, а не даказваецца, — сказаў архіерэй.
Сустрэча завяршылася спевам мнагалецця.