Епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід узяў удзел у мітынгу-рэквіеме «Памяць жыве вечна» ў горадзе Мазыры
24 сакавіка 202120 сакавіка 2021 года на мемарыяльным комплексе «Курган Славы» Праасвяшчэнны Леанід, епіскап Тураўскі і Мазырскі, у суправаджэнні старшыні епархіяльнага аддзела па ўзаемадзеянні з Узброенымі Сіламі і іншымі вайсковымі фарміраваннямі Рэспублікі Беларусь іерэя Аляксандра Бушлякова, а таксама клірыкаў кафедральнага сабора Святога Архангела Міхаіла ў горадзе Мазыры і супрацоўнікаў Тураўскага епархіяльнага ўпраўлення прыняў удзел у мітынгу-рэквіеме «Памяць жыве вечна», прысвечаным 78-й гадавіне трагедыі ў Хатыні.
Ушанаваць памяць тых, хто не дажыў да светлых дзён, на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскасці, моладзь горада.
Пасля хвіліны маўчання ля мемарыяльнага комплексу епіскап Леанід здзейсніў памінальную ліцію па загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны воінах.
Спевы падчас памінальнай ліціі выконваліся архіерэйскім мужчынскім хорам пад кіраўніцтвам протадыякана Георгія Тыванюка.
Затым да ўдзельнікаў мітынгу звярнуліся старшыня Мазырскага раённага выканаўчага камітэта Алена Паўлечка, рэктар Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна Валерый Наўныка і студэнтка філалагічнага факультэта згаданага ўніверсітэта Юлія Кудлач.
У завяршэнне адбылося ўскладанне кветак.