Епіскап Тураўскі Леанід здзейсніў Літургію на месцы былога храма ў адселенай вёсцы Белая Сарока, якая знаходзіцца ў 11 км ад ЧАЭС

22 жніўня 2019

top.jpg

21 жніўня 2019 года, у дзень памяці свяшчэннамучаніка Сергія Чарнобыльскага († 1937), епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід узначаліў Бажэственную літургію пад адкрытым небам у адселенай вёсцы Белая Сарока Нараўлянскага раёна.

Богаслужэнне здзяйснялася на месцы згарэлага ў 1943 годзе храма ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца, а сам населены пункт, усе жыхары якога былі адселены ў маі 1986 года, знаходзіцца ў зоне адчужэння ў 11 км ад Чарнобыльскай АЭС.

Перад пачаткам Бажэственнай літургіі епіскап Леанід здзейсніў чын асвячэння новага паклоннага крыжа, усталяванага на месцы разбуранага храма.

За літургіяй правячаму архіерэю саслужылі: духаўнік Хойніцкага Пакроўскага жаночага манастыра іераманах Павел (Палын); выконваючы абавязкі благачыннага Хойніцкай акругі, настаяцель прыхода храма Праабражэння Гасподняга ў вёсцы Сялец Брагінскага раёна іерэй Расціслаў Бандарэнка і клірыкі кафедральнага сабора святога Архангела Міхаіла ў горадзе Мазыры.

За богаслужэннем былі ўзнесены малітвы аб спачылых святарах, якія неслі тут пастырскае служэнне з 1791 па 1934 гады.

Літургічныя спевы выканаў хор пад кіраўніцтвам Святланы Бандарэнка.

На богаслужэнне прыбылі госці з Брагінскага і Нараўлянскага раёнаў Гомельскай вобласці. Сярод людзей, якія маліліся, прысутнічала прыхаджанка Пелагея Дравіла, якая помніць стары храм і захоўвае як рэліквію абраз Прасвятой Багародзіцы з царскіх варот.

Пасля адпуста Бажэственнай літургіі правячы архіерэй і саслужыўшыя яму святары здзейснілі слаўленне свяціцелю Мікалаю Цудатворцу.

Затым епіскап Леанід звярнуўся да багамольцаў з архіпастырскім словам і падзякаваў за сумесную малітву.

Праасвяшчэнны ўладыка ўручыў архіерэйскія граматы людзям, якія асабліва папрацавалі ў справе захавання гістарычнай і культурнай памяці на тэрыторыі, найбольш пацярпелай ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Са словамі падзякі да ўладыкі Леаніда звярнуўся іерэй Расціслаў Бандарэнка, які адзначыў, што апошняе архіерэйскае богаслужэнне ў Белай Сароцы здзяйснялася ў 1913 годзе епіскапам Мінскім і Тураўскім Мітрафанам (Краснапольскім), які пазней прыняў пакутніцкую смерць і быў прылічаны да ліку святых.

Вёска Белая Сарока вядомая з XV стагоддзя. 

* * *

Вёска Белая Сарока ўпершыню згадваецца ў дакументальных крыніцах у XV ст. як цэнтр Беласароцкай воласці Кіеўскага павета. Паводле запісаных у сярэдзіне XIX ст. успамінах старажылаў, паблізу ад населенага пункта некалі размяшчаўся манастыр ведамства Кіева-Пячэрскай лаўры. Падчас аднаго з ваенных канфліктаў (хутчэй за ўсё вайны 1648-1651 гг.) манастыр быў дашчэнту разбураны. З усёй манастырскай маёмасці захавалася толькі адна ікона св. Мікалая, якую мясцовыя сяляне знайшлі стаячай на дрэве. У памяць аб манастыры на месцы алтарнай часткі галоўнага манастырскага храма жыхары Белай Сарокі пабудавалі невялікую капліцу, куды і змясцілі захаваны абраз. Невядома колькі часу гэтая капліца стаяла, але па сканчэнні многіх гадоў месца было паступова забыта жыхарамі і моцна зарасло лесам. І, магчыма, гісторыя з абразом так бы і не атрымала свайго далейшага працягу, калі б не адбыўся ў тых месцах моцны лясны пажар. На здзіўленне жыхароў вёскі агонь не крануў моцна к таму часу заняпалую капліцу, хоць полымя пажару спапяліла ўсе дрэвы, якія атачалі культавы будынак. З гэтага часу сельскі люд стаў шанаваць двойчы выжыўшую у агні ікону, а слых, які распаўсюдзіўся пра абраз прыцягнуў у Белую Сароку шматлікіх багамольцаў.

Павелічэнню колькасці паломнікаў садзейнічала і ўдалае геаграфічнае размяшчэнне вёскі, якая знаходзіцца ў 150 кіламетрах ад Кіева на беразе суднаходнай ракі Прыпяць, якая з'яўлялася ў той час галоўнай гандлёвай артэрыяй паміж гэтым багатым горадам і Прыбалтыкай. Таму нядзіўна, што першы эпізод з ацаленнем чалавека быў звязаны менавіта з прадстаўніком «бізнэсу». Адзін літоўскі купец, імя якога, на жаль, невядома, часта праязджаючы з таварамі па рацэ ў Кіеў і вяртаючыся назад заўсёды спыняўся ў Белай Сароцы для пакланення іконе. Але аднойчы купец захварэў на вочы і практычна цалкам аслеп. Пасля таго як нанятыя дактары не змаглі дапамагчы вярнуць зрок, ужо зусім у роспачы літовец вырашыў адправіцца ў паломніцтва ў Белую Сароку. Як аказалася, у далейшым, рашэнне гэта аказалася правільным — пасля пакланення іконе св. Мікалая ў хворага паступова намеціўся працэс аднаўлення зроку, а неўзабаве пасля здзяйснення паломніцкай паездкі хвароба і зусім адступіла. У падзяку за выздараўленне купец пабудаваў за свой кошт новую капліцу ў выглядзе царквы.

Пасля новых выпадкаў ацалення ў 1752 г. з дазволу ўніяцкага мітрапаліта Фларыяна Грабніцкага замест капліцы быў пабудаваны новы храм і прызначаны святар.

У 1795 г. царква перайшла ў праваслаўнае ведамства, але працягвала заставацца сакральным цэнтрам для іншых канфесій — уніятаў, каталікоў, лютэран. Напрыклад, у метрычнай кнізе за 1851 г. ёсць запіс аб шлюбе ў Белосороцкой царкве падданых Прускай дзяржавы евангелічнага веравызнання, нейкіх Івана Аўгуста Мураўскага і Амеліі Крот.

У XIX ст. паток паломнікаў значна павялічыўся ў параўнанні з XVIII стагоддзем, чаму спрыялі факты новых ацаленняў, якія адбываліся каля цудатворнага абраза св. Мікалая, а таксама паляпшэнне эканамічнага стану ў дзяржаве. Багамольцы, якія амаль круглы год прыязджалі на пакланенне,  шчодра ахвяравалі на храм грашовыя сумы, каштоўнасці, а таксама прадукты сельскагаспадарчай і прамысловай дзейнасці — воск, мёд, палатно, збожжа. Памешчыкі і проста заможныя людзі ахвяравалі багата упрыгожанае царкоўнае начынне і кнігі. Напрыклад, паводле вопісу храмавай маёмасці, у царкоўнай рызніцы захоўвалася напаўпарчовая рыза, акантаваная сярэбранай тасьмой і падораная генералам М. А. Міларадавічам (1771-1825), які ў 1810-1812 гадах з'яўляўся кіеўскім губернатарам, а пасля выконваў абавязкі губернатара Санкт-Пецярбурга і загінуў на Сенацкай плошчы падчас паўстання дзекабрыстаў.

Прыток паломнікаў садзейнічаў павышэнню ўзроўня дабрабыту мясцовых сялян, у дамах якіх за невялікую плату прыезджыя з іншых мясцовасцяў часта спыняліся на начлег. Пры царкве дзейнічала крама па продажы мёду, а таксама невялікая аднапакаёвая гасцініца для больш заможных вернікаў. Асабліва ж вялікі паток багамольцаў прыходзіўся на храмавае свята — Дзень свяціцеля Мікалая, які  адзначаецца два разы на год (9 мая і 6 снежня паводле старога стылю). У гэты дзень у Белай Сароцы праходзілі ажыўленыя кірмашы, куды прыязджалі купцы з Мазыра, Рэчыцы, Кіева, Чарнобыля. Ужо ў пачатку 1820-х гг. Беласароцкі прыход, гадавы даход якога перавышаў 1 тыс. рублёў, з'яўляўся адным з самых багатых у Мінскай губерні.

Але слава пра багацце храма часам прыносіла жыхарам вёскі і непрыемныя сюрпрызы. Некалькі разоў царква абкрадалася. Пры гэтым асабліва характэрна рабаванне 1837 г., якое апынулася захапляльнай дэтэктыўнай гісторыяй. Увечары 14 лістапада 1837 года, вартаўнік Свята-Мікольскай царквы ў вёсцы Белая Сарока Майсей Цімашэнка прыйшоў у храмавую вартоўню на чарговую змену. Цэлы дзень ён працаваў на полі святара, вывозячы снапы лёну, і да вечара настолькі стаміўся, што заснуў такім сном, што за ноч ні разу не падняўся праверыць ці ўсё ў парадку на ахоўваемым ім аб'екце. Раніцай жа высветлілася, што царкву, адну з самых багатых у рэгіёне, абакралі. Былі выкрадзены дзве важкія срэбныя рызы, чаша, дзіскасы, розныя медныя рэчы, 18 сярэбраных прывесак і іншая начынне, а таксама 64 рубля з царкоўнай касы. І, магчыма, зламыснікі б забралі ўсё нарабаванае, калі б не энергічныя дзеянні парафіяльнага святара.

Аляксей Герасімавіч Сускі, праз некалькі гадоў пасля заканчэння Мінскай духоўнай семінарыі, з 1831 па 1833 г. з'яўляўся святаром Белаазёрскага палка. З гэтай вайсковай часткай, у якасці палкавога святара ён удзельнічаў у баях па падаўленню паўстання 1830-1831 гг. у Польшчы. У 1835 годзе Аляксея Герасімавіча звольнілі з ваеннай службы і накіравалі святаром у сяло Мухаеды, а ў 1836 г. перавялі ў сяло Белая Сарока. Улічваючы гэтую вайсковую старонку біяграфіі Сускага, не дзіўна, што ён узяў на сябе камандаванне аперацыяй па злове злодзеяў, каардынуючы ўсе дзеянні прыхаджан і грамадзянскіх уладаў. Трэба адзначыць, што ў гэтым яму дапамагла моцная навальніца, якая адбылася ў ноч рабавання. Сускі разумеў, што па дрэнных, размоклых палескіх дарогах, ды яшчэ і ў цёмны час сутак, зламыснікі не маглі далёка сысці. Акрамя таго, павінны былі застацца іх сляды. Таму святар адразу ж накіраваў ганцоў да кіраўніка Шапяліцкага казённага маёнтка Дабравольскага і эканома маёнтка Белая Сарока Касцецкага, з просьбай тэрмінова перакрыць усе дарогі адмысловымі пастамі, на якіх бы ажыццяўляўся вобыск павозак, а таксама выставіць людзей для прачэсвання прылеглай да вёскі тэрыторыі. Такая ўвага да надгляду транспартных сродкаў аказалася цалкам апраўданай, бо неўзабаве стала вядома, што ў купца з г. Чарнобыль па прозвішчу Самбук, які гандляваў у Белай Сароцы, знікла брычка з парай запрэжаных коней. Амаль усю наступную ноч, бацюшка Аляксей верхам на кані асабіста правяраў блокпасты і камандаваў расстаноўкай людзей для правядзення аблавы, якая пачалася раніцай. У прачэсванні мясцовасці ўдзельнічала ўсё дарослае мужчынскае насельніцтва ўсіх навакольных вёсак агульным лікам больш за 300 чалавек. Праз некаторы час, удзельнікі аблавы выявілі брычку з коньмі, недалёка ад якіх ляжала скрадзенае царкоўнае начынне. Грошы злодзеі знеслі з сабой.

У 1867 г. у сувязі з моцным разлівам ракі Прыпяць, які стаў сапраўднай паводкай, храм быў перанесены ў цэнтр вёскі і часткова перабудаваны. А праз некалькі гадоў пры храме адкрылася адна з першых у акрузе школ, дзе сялянскія хлопчыкі маглі бясплатна навучацца асновам арыфметыкі, уменню пісаць і чытаць.

У гады рэвалюцыі маёмасць храма была спачатку нацыяналізавана, а ў 1934 г. Свята-Мікольская царква і зусім была зачынена для царкоўных служб. У наступным годзе, з мэтай пабудовы драўлянай школы ў в. Даўляды (сёння таксама адселеная вёска), была разабрана храмавая званіца. Лёс цудатворнага абраза невядомы.

У гады нямецкай акупацыі царква была зноў адкрыта для вернікаў. Але ўжо ў 1943 г. ва ўмовах імклівага набліжэння фронту немцы спалілі храмавы будынак, які мог служыць добрым арыенцірам для савецкай артылерыі.

Пасля вайны, на былой храмавай тэрыторыі пабудаваны будынак драўлянай сельскай школы, які ў красавіку 1986 г. назаўжды апусцеў. Тым не менш, эвакуіраваныя жыхары Белай Сарокі і навакольных вёсак працягваюць захоўваць памяць пра былую веліч вёскі як рэгіянальнага духоўнага цэнтра. У сярэдзіне 1990-х былыя аднавяскоўцы па прыкладзе сваіх далёкіх продкаў усталявалі на месцы алтарнай часткі храма памятны знак — некалькі драўляных праваслаўных крыжоў.

У 2019 годзе на месцы разбуранага храма быў усталяваны новы паклонны крыж, дзе размешчаны абраз свяціцеля Мікалая Цудатворца і памятная мармуровая пліта з выявай Беласароцкай царквы.

Тураўская епархія / Church.by