Фестываль праваслаўнай моладзі Полацкай епархіі адбыўся ў Круляўшчызне
10 жніўня 2019Пачатак жніўня — радасны і ўрачысты час для праваслаўнага моладзевага руху пры храме Усекнавення галавы Іаана Прадцечы ў Круляўшчызне: у гэты час тут традыцыйна праходзіць Фестываль праваслаўнай моладзі Полацкай епархіі.
Сёлета з 2 па 5 жніўня фестываль сабраў праваслаўную моладзь восьмы раз. Арганізатары кожны год імкнуцца ўносіць разнастайнасць у праграму, куды ўваходзяць гутаркі, спартыўна-забаўляльныя мерапрыемствы, набажэнствы, хрэсныя хады, конкурсы і многае іншае.
Нягледзячы на тое, што чатыры дні злёту былі насычанымі рознага кшталту мерапрыемствамі, час праляцеў незаўважна, і ніхто не адчуў засмучэння ад таго, што на адпачынак часу практычна не засталося. Усе, хто хоць бы раз пабываў на фестывалі ў Круляўшчызне, імкнуцца трапіць на яго зноў і зноў.