Фестываль «Сямейныя традыцыі» праходзіць у Магілёве
08 мая 2018C 1 па 19 мая 2018 года ў Магілёве ўпершыню праходзіць фестываль «Сямейныя традыцыі». Асноўным арганізатарам форуму з'яўляецца прыход храма Царскіх страстацерпцаў і ўсіх навамучанікаў і вызнаўцаў ХХ стагоддзя.
«Умацоўвай сям'ю, бо яна — аснова усякай дзяржавы», — так завяшчаў імператару Мікалаю II, яго бацька Аляксандр III.
Фестываль «Сямейныя традыцыі» прымеркаваны да 150-годдзя з дня нараджэння імператара Мікалая II, 100-годдзя мучаніцкага подзвігу святой Царскай сям'і, а таксама да Міжнароднага дня сям'і.
Форум праводзіцца з мэтай папулярызацыі ў грамадстве традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, умацавання інстытута сям'і, развіцця на аснове агульнасці інтарэсаў і захапленняў пераемнасці пакаленняў, а таксама асэнсавання ідэалаў дабра, вернасці і бескарыслівага служэння людзям і Айчыне на прыкладзе жыцця святога цара Мікалая і яго сям'і.
У рамках форуму 1-18 мая запланаваны адкрытыя дыялогі ў навучальных установах горада. У гэтыя ж дні пройдуць экскурсіі па выставе «Імператар Мікалай ІІ — абавязак царскага служэння» ў храме Царскіх страстацерпцаў, на якія будзе запрошана моладзь. 18 мая ў актавай зале кафедральнага сабора Трох свяціцеляў арганізуюць семінар «Сям'я і сямейныя традыцыі» з удзелам архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія.
— Заўсёды ўтульна ў тых сем'ях, дзе адчуваецца пераемнасць пакаленняў, самабытнасць сямейных традыцый. Задумаўшыся над гэтым, мы вырашылі стварыць фестываль для дзяцей і бацькоў, які змог бы стаць выдатнай магчымасцю карысна правесці час усёй сям'ёй, паразважаць над тым, што важна і не вельмі, як пабудаваць свае адносіны з блізкімі, — распавялі арганізатары.
Раніцай 19 мая ў храме Царскіх страстацерпцаў будуць здзейснены Літургія і малебен на пачатак добрай справы, пасля чаго да 16:00 у парку імя Горкага магілёўцы змогуць прыняць удзел у працы тэматычных творчых пляцовак з бясплатнымі майстар-класамі, гульнямі, конкурсамі, віктарынамі, інтэрактыўнымі выставамі.
«Астраўкі» будуць прысвечаны розным напрамкам, таму кожны зможа знайсці штосьці цікавае для сябе. Так, у парку размесцяцца пляцоўкі сямейных традыцый, чытання, чаявання, рукадзелля і іншыя.
Незвычайнай абяцае стаць зона «Разам з татам».
— У сучаснай сям'і роля папы часам адыходзіць на задні план. Мама праводзіць з дзецьмі вялікую частку часу. Але для правільнага выхавання дзіцяці бацька вельмі важны. Таму на дадзенай пляцоўцы таты змогуць у свой выхадны дзень пагуляць з малымі, — растлумачылі арганізатары. — Мы прапануем ім успомніць дзяцінства, зрабіць караблікі з паперы. Таксама паспаборнічаць у перацягванні каната, паўдзельнічаць у вясёлых гонках на цацачных машынках, пакатацца на посцілках і высветліць, у каго мацней рукі, навучым завязваць марскія вузлы.
Акрамя таго, у парку разгорнецца горад майстроў, выстава «Венцаносная сям'я Раманавых», адкрыецца «кніжны магазін» і запрацуе «Чароўная палка» па абмене кнігамі з асабістых бібліятэк гараджан. Завершыцца фестывальны дзень святочным канцэртам.