Гасцямі архіерэйскай ёлкі ў Тураўскай епархіі сталі дзеці са шматдзетных і маламаёмных сем'яў
17 студзеня 201712 студзеня 2017 года у гарадскім Палацы культуры Мазыра ў чарговы раз адбылося дабрачыннае мерапрыемства «Калядная архіерэйская ёлка», арганізатарам якога выступіла Тураўскае епархіяльнае ўпраўленне.
Свята сабрала каля 400 дзяцей са шматдзетных і маламаёмных сем'яў, якія пражываюць у розных раёнах, тэрыторыя якіх адносіцца да Тураўскай епархіі.
На мерапрыемстве прысутнічалі: епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід, святары епархіі і супрацоўнікі Тураўскага епархіяльнага ўпраўлення. Таксама ў дабрачынным мерапрыемстве прымалі ўдзел: намеснік старшыні Мазырскага раённага выканаўчага камітэта Фелікс Фёдаравіч Галюк, прадстаўнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму шэрагу раённых выканаўчых камітэтаў, педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, выхавальнікі дашкольных устаноў некалькіх раёнаў, журналісты і многія іншыя госці.
Вядучымі Каляднага дзіцячага канцэрта былі старшыня епархіяльнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі ігумен Аўксенцій (Абражэй) і старшыня епархіяльнага аддзела па працы з моладдзю Дар'я Бандарчук.
Мерапрыемства адкрылася музычнымі нумарамі ў выкананні вакальных калектываў навучэнцаў Мазырскай сярэдняй школы № 11 і Калінкавіцкай гімназіі.
Далей з вітальнымі словамі да ўсіх звярнуліся епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід і намеснік старшыні Мазырскага райвыканкама Фелікс Галюк.
Пасля увазе юных гледачоў былі прадстаўлены харэаграфічныя кампазіцыі выхаванцаў Калінкавіцкага цэнтра культуры і вольнага часу і забаўляльная праграма з удзелам казачных персанажаў — Дзеда Мароза і Снягуркі.
Калядным сюрпрызам ад артыстаў Мазырскага драматычнага тэатра імя І. Мележа для прысутных на архіерэйскай ёлцы стаў спектакль-казка «Пра царэўну, Змея Гарыныча і чароўныя агеньчыкі...».
Па заканчэнні святочнай канцэртнай праграмы ўсім маленькім гледачам, якія наведалі архіерэйскую ёлку, епіскап Леанід разам са святарамі ўручылі салодкія падарункі.