Труну з целам спачылага мітрапаліта Філарэта сустрэлі ў Жыровіцкім манастыры

14 студзеня 2021

top.jpg

14 студзеня ў 22:50 труна з целам Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) дастаўлена ва Успенскі Жыровіцкі манастыр.

Гэтая абіцель для спачылага асабліва дарагая. У 1978 годзе, калі ўладыка Філарэт прыбыў на кафедру мінскіх мітрапалітаў, Жыровіцкі манастыр быў адзіным у епархіі і ў краіне. Ён складаўся з манаскага брацтва і сясцёр закрытых атэістычнымі ўладамі Гродзенскага і Полацкага жаночых манастыроў. Дзякуючы ўладыку Філарэту ў складаныя для Царквы часы Жыровіцкая абіцель стала абнаўляцца. Пазней яго стараннямі ў Жыровічах была адроджана Мінская духоўная семінарыя, а затым упершыню ў гісторыі Беларусі адкрыта духоўная акадэмія. Зараз Успенскі Жыровіцкі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр - духоўны цэнтр Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Мітрапаліт Веніямін, насельнікі абіцелі, выкладчыкі і студэнты духоўнай семінарыі, жыхары Жыровічаў сустрэлі труну з целам любімага архіпастыра на цвінтары Успенскага сабора. Пад звон і пад спевы ірмосаў Вялікага канона «Памочнік і Апякун» цела было ўнесена ў храм. Свяшчэннаархімандрыт Жыровіцкага манастыра мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, здзейсніў ліцію па новаспачыламу. Затым насельнікі манастыра пачалі чытанне Евангелля.

Для жадаючых развітацца з мітрапалітам Філарэтам Успенскі сабор будзе адкрыты ўсю ноч. Раніцай 15 студзеня адбудзецца Літургія і паніхіда. Паводле завяшчання спачылага цела аддадуць зямлі за алтаром Крыжаўздзвіжанскага храма побач з магілай старца схіархімандрыта Мітрафана (Ільіна).

Сhurch.by  

Фотарэпартаж