Храм у гонар святых заступнікаў шлюбу і сям'і асвечаны ў Лідскай епархіі
19 верасня 201716 верасня 2017 года епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый здзейсніў чын вялікага асвячэння храма ў гонар святых дабраверных князя Пятра і княгіні Фяўронні аграгарадка Лайкоўшчына Лідскага раёна і ўзначаліў ў новаасвечаным храме Бажэственную літургію.
Архіерэю саслужылі: благачынны Лідскай акругі протаіерэй Расціслаў Салаўёў; настаяцель прыхода храма ў гонар Царскіх страстацерпцаш протаіерэй Вадзім Рубан; настаяцель прыхода храма аграгарадка Ганчары іерэй Валерый Траян і настаяцель прыхода храма дабраверных Пятра і Фяўронні іерэй Георгій Сяўрук.
Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў протаіерэй Расціслаў Салаўёў.
Уладыка Парфірый павіншаваў святароў, прыхаджан і гасцей з асвячэннем храма ў гонар святых заступнікаў шлюбу і сям'і. Правячы архіерэй выказаў асаблівую падзяку іерэю Георгію Сяўруку за пастырскую стараннасць і плённую працу па ўзвядзенні храма. Іерэй Георгій падзякаваў уладыку Парфірыю за сумеснае богаслужэнне.
Звяртаючыся да прыхаджан, Праасвяшчэнны ўладыка прывёў жыціе святых дабраверных сужэнцаў Пятра і Фяўронні, звярнуўшы ўвагу на іх шлюбны подзвіг, адзінства, шчырую любоў, за якую Гасподзь прыняў іх душы ў Свае мясціны ў адзін дзень і ў адзін час. Таксама ўладыка заклікаў вернікаў прыходзіць у храм часцей, прычашчацца Святых Хрыстовых Тайн.
— Для жыхароў гэтага пасёлка, як я лічу, — адзначыў уладыка Парфірый, — асаблівая ласка Божая, што тут пабудаваны храм. Гэта сапраўды астравок неба на зямлі, дзе кожны, хто прыходзіць і моліцца, атрымлівае ад Госпада Яго дары і ласку.
У нядзелю, 17 верасня, у дзень перанясення мошчаў святых дабраверных князёў Пятра і Фяўронні, ў новаасвечаным храме была адслужана Бажэственная літургія.