Споўнілася 140 гадоў з дня асвячэння Мікалаеўскага гарнізоннага храма ў Брэсце
24 мая 201722 мая 2017 года, у свята перанясення мошчаў свяціцеля Мікалая з Мір Лікійскіх у Бары, гарнізонны храм свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Брэсцкай крэпасці адсвяткаваў 140-годдзе з дня асвячэння.
Святочную Бажэственную літургію ўзначаліў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан.
У ліку запрошаных гасцей былі: старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ліс, старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук, намеснік камандуючага па ідэалагічнай рабоце — начальнік аддзела ідэалагічнай работы камандавання сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл палкоўнік Сяргей Андрэеў, ваенны камісар Брэсцкай вобласці, начальнік Брэсцкага гарнізона палкоўнік Яўген Зайцаў, камандзір 38‑й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады гвардыі палкоўнік Дзмітрый Собаль, а таксама прадстаўнікі вайсковых частак Брэсцкага гарнізона, пагранічных застаў, падраздзяленняў МНС і іншых сілавых структур.
Шэраг святароў епархіі быў падчас богаслужэння ўдастоены царкоўна-іерархічных узнагарод. Настаяцель прыхода іерэй Віталь Ханавец быў узведзены ў сан протаіерэя.
Пасля богаслужэння уладыка Іаан звярнуўся да вернікаў з архіпастырскім словам, прысвечаным подзвігу свяціцеля Мікалая Цудатворца і гісторыі гарнізоннага храма.
— Ёсць у нас у епархіі храмы значна старэй, але гэты сабор за 140 гадоў перажыў вельмі многае, — адзначыў архіепіскап Іаан. — Мы бачым архіўныя фатаграфіі, мы ўспамінаем гісторыю і гаворым аб тым, што гэты храм як воін стаяў на абароне межаў нашай Айчыны. Ён выстаяў, нягледзячы ні на што, ён стаіць і будзе стаяць. Людзі прыходзілі і маліліся ля разбураных сцен. Бо душа храма — гэта служба. І пра гэта трэба памятаць заўсёды!
Яго Высокапраасвшячэнства ўручыў архіерэйскія граматы і пісьмовыя падзякі актыўным прыхаджанам храма і кіраўнікам сілавых структур, з якімі вядзе супрацоўніцтва епархіяльны аддзел па ўзаемадзеянні з Узброенымі сіламі (кіраўнік — протаіерэй Віталь Ханавец).
Далей гасцей і вернікаў чакала святочная канцэртная праграма з удзелам узорна-паказальнага аркестра Брэсцкіх пагранічных войскаў (ваенны дырыжор — падпалкоўнік пагранічных войскаў Юрый Аўсіевіч), хора выхаванцаў кадэцкага корпуса СШ № 35 (кіраўнік Віктар Пенза, дырыжор Лія Крац), хора гарнізоннага храма свяціцеля Мікалая Цудатворца (рэгент Таццяна Алей), узорнай студыі эстэтычнага выхавання «Акіян» Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці (кіраўнікі Аляксандра Жыркевіч, Валерый Султанаў).
Традыцыйна падчас мерапрыемстваў, якія праходзяць у Брэсцкай крэпасці-героі, не застаецца ў баку і 38‑я асобная гвардзейская дэсантна-штурмавая брыгада. Воіны-дэсантнікі прадставілі гасцям выстаўку сучаснага ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, паказальныя выступленні з элементамі прыёмаў рукапашнага бою і абыходжання са зброяй, а таксама пачаставалі ахвотных салдацкай кашай і чаем.
Мікалаеўскі храм Брэсцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, размешчаны на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці-героя, уяўляе сабой помнік руска-візантыйскага стылю і з'яўляецца адным з найбольш яркіх прыкладаў запазычанняў з візантыйскага дойлідства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Сабор быў пабудаваны ў 1856-1879 гадах. У час Вялікай Айчыннай вайны будынак моцна пацярпеў. У 1972 годзе была праведзена кансервацыя храма з уключэннем яго ў мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». Першае пасляваеннае богаслужэнне адбылося тут толькі ў 1991 годзе. У цяперашні час у Мікалаеўскім саборы працягваюцца работы па ўнутраным аздабленні сабора.