З Юравіцкага манастыра ў Мазыр прынесена ікона Божай Маці, іменаваная «Юравіцкая-Міласэрная»

02 верасня 2021

top.jpg

Увечары 1 верасня 2021 года з Юравіцкага мужчынскага манастыра ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы (Тураўская епархія) у кафедральны сабор святога Архангела Міхаіла ў горадзе Мазыры прынесена адна з галоўных святынь Палескага краю — ікона Божай Маці, іменаваная «Юравіцкая-Міласэрная». Абраз суправаджаў эканом Юравіцкага манастыра іераманах Серафім (Ананка).

Пасля ўрачыстай сустрэчы святыні было здзейснена вячэрняе богаслужэнне са спевам акафіста Прасвятой Багародзіцы перад Яе цудадзейным абразом. Па благаславенню епіскапа Тураўскага і Мазырскага Леаніда богаслужэнне ўзначаліў ключнік кафедральнага сабора протаіерэй Аляксандр Шылёнак. Яму саслужылі благачынныя епархіі, клірыкі сабора, госці ў свяшчэнным сане.

Цудатворны абраз будзе знаходзіцца ў кафедральным саборы да 12 верасня. Пакланіцца святыні можна штодня з 7:30 да 19:30.

12 верасня па заканчэнні Бажэственнай літургіі ікона «Юравіцкая-Міласэрная» хрэсным ходам будзе дастаўлена ў Юравіцкі манастыр, дзе 13 верасня пройдуць асноўныя ўрачыстасці ў гонар Божай Маці.

* * *

Святкаванне ў гонар адной з самых шануемых беларускіх святынь — ікона Божай Маці «Юравіцкая-Міласэрная» — здзяйсняецца 13 верасня.

Юравіцкі абраз, выкананы ў царкоўна-мастацкім стылі «Маці Божая Адзігітрыя», паводле заключэння экспертнай камісіі мастацтвазнаўцаў быў напісаны ў пачатку XVII стагоддзя ў Беларусі.

Счарнелы ад часу старажытны абраз Маці Божай Юравіцкай, Якая больш за 350 гадоў была Нябеснай Заступніцай ўсяго Мазырскага Палесся, зусім выпадкова быў здабыты ў Юравічах, у склепе разбуранага пры Хрушчове манастыра. 13 верасня 2006 года, пасля экспертных і рэстаўрацыйных работ, абраз хрэсным ходам з Мазыра быў дастаўлены ў Юравіцкі манастыр Нараджэння Багародзіцы.

Абраз здаўна любімы жыхарамі ўсяго Мазырскага Палесся як ахова ў няшчасцях і абарона ў жыццёвых цяжкасцях. У сяле Юравічы і ваколіцах па гэты дзень ходзіць легенда з мясцовага жыцця (якая абапіраецца на юрыдычныя акты і гістарычныя факты).

У пачатку 1860-х гадоў у бліжняй вёсцы памёр стары, добры пан, і гаспадарыць сюды прыбыў з Пецярбурга яго сын — малады азартны гулец у карты. У гэтага адстаўнога гусара былі цалкам характэрныя для тых часоў паняцці аб гонары і годнасці: картачны доўг — гэта святое, яго трэба альбо аддаваць, альбо пускаць сабе кулю ў лоб. Дзеля таго, каб аддаць картачны доўг, у сялян адбіралася ўсё вырашчанае збожжа і ня ў чым не вінаватыя людзі аддаваліся на галодную смерць.

Давёў малады пан сваіх прыгонных да апошняй стадыі адчаю: восень, а хлеба няма не толькі на пасяўную, але і на будучую зіму. Увесь ураджай сышоў у аплату картачных даўгоў пана.

Сабралі сяляне апошнія грошы і пайшлі пешшу ў Юравічы, да Міласэрнай Заступніцы, да Яе Юравіцкай іконы. Купілі вялікую свечку і запальвалі яе перад абразом Царыцы Нябеснай, і ўсе маліліся, пакуль гарэла свечка.

А ў гэты самы час іх шалапутны пан быў у гасцях у суседа — памешчыка разумнага, веруючага і прыстойнага. Памешчык гэты, паводле запаведзі Царквы, зроду не браў у рукі карт, а тут раптам нейкі ўладны голас стаў яму дыктаваць: сядай і гуляй са сваім госцем! І пасля некалькіх раздач калоды згалелая вёска з пашамі, лясамі і земляробамі перайшла ва ўласнасць гаспадарлівага і добрага да сваіх сялянам памешчыка.

Магчыма, менавіта з тых часоў Юравіцкі абраз стаў нязменна шанавацца як святыня, малітва перад якім дапамагае перажыць цяжкія часы: неўраджаі, акупацыю, асабістыя жыццёвыя нягоды. Каб узнесці свае хадайніцтвы да Царыцы Нябеснай перад Яе Міласэрным абразом, праваслаўныя вернікі прыязджаюць у мужчынскі манастыр Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, які размешчаны ў старажытным сяле Юравічы Калінкавіцкага раёна амаль на стыку межаў трох дзяржаў — Беларусі, Расіі і Украіны.

yurovichi.by/Church.by