Да марафону #СпасибоМедикам далучыліся Гомельскія дзеці

27 мая 2020

top.jpgУ Беларусі стартаваў марафон #СпасибоМедикам. Ён накіраваны на падтрымку медыцынскіх работнікаў — урачоў, фельчараў, медыцынскіх сясцёр, санітараў, кіроўцаў «хуткай дапамогі» — усіх тых, хто ў гэтыя дні знаходзіцца на перадавой, кругласутачна і самааддана ратуючы жыцці беларусаў і клапоцячыся пра іх здароўе.

Кіраўніцтва інавацыйнай пляцоўкі «Укараненне мадэлі фарміравання культуры міжасобасных зносін дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя» ДУА «Яслі-сад № 22 горада Гомеля» прапанавала педагогам і сем'ям выхаванцаў далучыцца да грамадзянскай ініцыятывы, распрацаваўшы актуальныя формы ўзаемадзеяння з выхаванцамі.

У Бібліі дзеяслоў «дзякаваць» — адно з ключавых слоў. Пачуццё падзякі — гэта настрой сэрца, які ўзнікае ў адказ на канкрэтныя справы, гэта памяць аб зробленым нам дабры і пачуццё ўдзячнасці за яго.

Як жа на інавацыйнай пляцоўцы вучаць дзіця быць удзячным? Для гэтага ў інавацыйных групах педагогі выкарыстоўваюць: асабісты прыклад, складанне падзячных запісак, дапамогу тым, хто жыве ў нястачы, сямейныя традыцыі падзякі, сюжэтна-ролевыя гульні. Усё часцей рабяты ў сваіх гульнях адлюстроўваюць сучасную рэчаіснасць, у якой работнікі медыцынскай сферы сталі героямі сучаснасці.

Сучасныя героі не носяць плашчоў, яны ходзяць у белых халатах — упэўненыя педагогі дваццаць другога Гомельскага дзіцячага садка.

Church.by