Класныя кіраўнікі школ Полацкага раёна абмеркавалі перспектывы духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў

22 лютага 2018

top.jpg

У Цэнтры духоўнай асветы і праваслаўнай культуры Полацкай епархіі адбыўся навукова-практычны семінар «Духоўна-маральнае выхаванне: вопыт, праблемы, шляхі вырашэння». Тэмай семінара сталі метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з Беларускай Праваслаўнай Царквой.

Семінар падрыхтавалі і правялі кіраўнік епархіяльнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Лілія Кагалёнак і метадыст Цэнтра Валянціна Трашчанок.

У Цэнтры духоўнай асветы сабраліся класныя кіраўнікі школ горада Полацка і Полацкага раёна. Варта адзначыць, што падобныя семінары праводзяцца ў Полацкай епархіі ўжо некалькі гадоў.

Дарослыя абавязаны дапамагчы дзецям знайсці шлях да дабра, даць юным сэрцам маральны арыенцір, адзначылі ўдзельнікі семінара. А дасягнуць гэтага можна пры ўзаемадзеянні школы і Царквы.

Лілія Кагалёнак расказала аб задачах, кірунках, шляхах работы класнага кіраўніка па духоўна-маральнаму выхаванню, аб дакументацыі і метадычных рэкамендацыях па вядзенню факультатываў, а таксама аб напрацоўках, якімі могуць падзяліцца са свецкімі педагогамі супрацоўнікі Цэнтра духоўнай асветы і праваслаўнай культуры Полацкай епархіі.

— Радуе, што Цэнтр духоўнай асветы і праваслаўнай культуры Полацкай епархіі пачаў займаць у адукацыі горада сваё годнае месца. Гэта ўсё дзякуючы таму, што ў Полацкай епархіі архіепіскапам Феадосіем надаецца вялікая ўвага духоўнаму асветніцтву. Мы адчуваем вялікую падтрымку, — адзначыла Лілія Іванаўна.

Настаўнік рускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 18 імя Еўфрасінні Полацкай горада Полацка» Таццяна Дарашкевіч распавяла аб курсе «Гадзіны духоўнасці», якія праводзяцца ў школе адзін раз на месяц, а таксама падзялілася формамі і метадамі працы профільнага атрада ў летнім прышкольным лагеры «Праменьчыкі святла».

Валянціна Трашчанок прадэманстравала літаратуру Цэнтра духоўнай асветы і праваслаўнай культуры, якая павінна дапамагчы настаўнікам у іх практыцы.

— Наша гімназія атрымала запрашэнне на дадзены семінар. Гэта была вялікая ўдача для нас. Тут мы атрымалі вельмі шмат карыснай і каштоўнай інфармацыі, якую будзем ўжываць у нашай выхаваўчай, вучэбнай рабоце з навучэнцамі. Я ўжо не раз звярталася ў бібліятэку Цэнтра. Мне дапамагалі з літаратурай, відэафільмамі, метадычнымі распрацоўкамі для правядзення мерапрыемстваў у гімназіі. Мы ўсе вельмі радыя і ўдзячныя, што сюды можна звярнуцца па дапамогў у нашай працы. Гэта з'яўляецца для нас вялікай удачай, што ёсць такі Цэнтр, — падзялілася ўражаннямі пасля заканчэння семінара выхавальніца УА «Полацкая дзяржаўная гімназія № 2» Анастасія Дубрава.

Полацкая епархія / Church.by

Loading...