Клірык Гомельскай епархіі прыняў удзел у круглым стале па прафілактыцы нарказалежнасці
03 сакавіка 2018У Міжнародны дзень барацьбы з наркотыкамі, 1 сакавіка, клірык прыхода храма святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў горадзе Рагачове протаіерэй Георгій Мартышэўскі прыняў удзел у працы круглага стала па пытаннях прафілактыкі нарказалежнасці.
Форум сабраў прадстаўнікоў арганізацый, адказных за работу з падрастаючым пакаленнем. Адкрыла пасяджэнне урач-валеолаг Рагачоўскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Людміла Віктараўна Краўцова. Яна адзначыла, што за апошняе дзесяцігоддзе ў Рэспубліцы Беларусь колькасць хворых на наркаманію павялічылася ў 1,4 разы. Большасць з іх — маладыя людзі ва ўзросце 20-40 гадоў. Нарастаючая колькасць падлеткаў-спажыўцоў наркатычных рэчываў стварае спрыяльныя ўмовы для з'яўлення новых і разрастання старых злачынных структур.
Розныя аспекты гэтай праблемы ў рамках сваёй кампетэнцыі асвяцілі прадстаўнікі устаноў аховы здароўя, адукацыі і праваахоўных органаў.
Протаіерэй Георгій Мартышэўскі засяродзіў увагу прысутных на тым, што наркатычная залежнасць, як і любы грэх, перш за ўсё разбурае асобу чалавека, ламае сістэму каштоўнасных арыенціраў. Аднаўленне яе — цяжкая карпатлівая праца, і чалавек, які трапіў у гэтую пастку, мае патрэбу не толькі ў фізічнай дапамозе, але і духоўнай.