Канферэнцыя «Духоўнае адраджэнне грамадства і праваслаўная кніга» адбудзецца 19 мая ў Мінску
28 красавіка 2021
Па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, 19 мая 2021 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя «Духоўнае адраджэнне грамадства і праваслаўная кніга». Яна будзе праходзіць у рамках XXVII Міжнародных Кірыла-Мефодзіеўскіх чытанняў «Духоўнае значэнне служэння святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў кантэксце гісторыі (да 800-годдзя з дня нараджэння)».
Да ўдзелу ў канферэнцыі запрашаюцца работнікі адукацыі і культуры, прадстаўнікі бібліятэк усіх ведамстваў, царкоўных (епархіяльных, манастырскіх, парафіяльных) бібліятэк, бібліятэк духоўных школ.
Праблемна-тэматычныя напрамкі канферэнцыі:
- кніга і чытанне як сродак духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання на праваслаўных традыцыях;
- узаемадзеянне публічных, школьных і царкоўных бібліятэк па духоўна-маральнаму выхаванню;
- духоўная спадчына схіархімандрыта Іаана (Маслава) у духоўна-маральным і сямейным выхаванні (да 30-годдзя з дня скону);
– вопыт працы царкоўных і свецкіх бібліятэк з праваслаўнай літаратурай;
- праваслаўная кніга як спадчына святых Мяфодзія і Кірыла ў сучасным свеце;
- выхаванне культуры чытання праваслаўнай літаратуры сярод дзяцей і моладзі;
- царкоўныя бібліятэкі ў сістэме духоўна-асветніцкай, катэхізацыйнай, місіянерскай і духоўна-адукацыйнай дзейнасці Праваслаўнай Царквы;
- жыціі святых і падзвіжнікаў пабожнасці як духоўна-маральныя асновы беларускай культуры.
Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Беларуская Праваслаўная Царква, ДУА «Інстытут тэалогіі імя свв. Мяфодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта», Міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя свв. Мяфодзія і Кірыла», Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
Удзел у канферэнцыі магчымы ў вочным і завочным фармаце: прадугледжаны анлайн-трансляцыі і Zoom-дыскусіі. Спасылка на анлайн-трансляцыю і доступ да Zoom будуць паведамлены пазней.
У вочным фармаце канферэнцыя будзе праходзіць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі па адрасе: Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, пр. Незалежнасці, 116 у зале адукацыйных тэхналогій (3 паверх, аўд. 346).
Пачатак працы канферэнцыі - 10.00
У рамках канферэнцыі 19 мая 2021 года адбудзецца сход Каардынацыйнай рады па бібліятэчнай дзейнасці пры Сінадальным аддзеле рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Умовы ўдзелу ў канферэнцыі і сходзе апублікаваны на сайце Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Сінадальны аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі/Church.by