Копія Жыровіцкай іконы Божай Маці прыбыла ў Віцебск

18 чэрвеня 2018

top.jpg

Шануемая копія цудатворнай іконы Божай Маці «Жыровіцкая» прыбыла ў Віцебск 15 чэрвеня. Ля ўваходу ў Успенскі кафедральны сабор святыню сустракалі прадстаўнікі духавенства Віцебска і праваслаўныя вернікі.

Пасля ўрачыстай сустрэчы вобраз Багародзіцы быў пастаўлены ў цэнтры сабора, пасля чаго святары адслужылі перад Жыровіцкай іконай Божай Маці саборны малебен. Малебныя спевы ўзначаліў сакратар Віцебскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Уладзімір Рэзановіч.

Богаслужэбныя спевы выканаў хор студэнтаў Віцебскай духоўнай семінарыі пад кіраўніцтвам дыякана Аляксандра Буханцова.

Пасля сумеснай малітвы протаіерэй Уладзімір звярнуўся да вернікаў з пропаведдзю, пасля чаго пачалося вячэрняе богаслужэнне.

У Віцебскай епархіі шануемая копія Жыровіцкай іконы знаходзіцца ўжо з 11 чэрвеня. Да сённяшняга дня абраз быў даступны для малітоўнага пакланення ў храме Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы ў Оршы.

Адна з самых вядомых святынь Беларускай зямлі была дастаўлена ў Віцебскую епархію ў сувязі з юбілейнымі ўрачыстасцямі, якія будуць праходзіць у 2020 годзе. Гэта 550-годдзе яўлення Жыровіцкай іконы Прасвятой Багародзіцы і 500-годдзе з часу яе паўторнага здабыцця, а таксама заснавання Успенскага Жыровіцкага манастыра.

Да верасня 2018 года вобраз Божай Маці наведае ўсе епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

У Віцебску шануемая копія цудатворнага абраза будзе даступная для пакланення з 15 па 20 чэрвеня ў Успенскім кафедральным саборы па адрасе: г. Віцебск, вул Камісара Крылова, 9. Тэл: 80 212-662 853.

Расклад богаслужэнняў у саборы глядзіце тут.

Віцебская епархія / Church.by