Хрэсны ход супраць абортаў прайшоў у Магілёве
10 сакавіка 20188 сакавіка 2018 года ў Магілёве па благаславенню архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія быў праведзены хрэсны ход, які заклікае да спынення абортаў.
Сям'я — аснова сучаснасці і будучыні кожнай краіны ва ўсе часы. Такія вечныя і традыцыйныя для ўсіх народаў сямейныя каштоўнасці, як моцны шлюбны саюз мужчыны і жанчыны, устрыманне да шлюбу, цнатлівасць, беражлівыя адносіны да кожнага зачатага чалавечага жыцця, шматдзетнасць, шанаванне бацькоў, клопат пра слабых, — заснаваныя на Божых запаведзях, змацоўваюць грамадства, і іх неабходна захоўваць і перадаваць наступным пакаленням, перакананыя ўдзельнікі шэсця.
З абаронай традыцыйных сямейных каштоўнасцяў непарыўна звязана абарона святасці і годнасці кожнага чалавечага жыцця з моманту зачацця і да натуральнага канца. Сям'я закліканая быць калыскай жыцця, прымаць як боскі дар кожнае дзіця, што прыходзіць у свет.
У гэтай сувязі сур'ёзнай праблемай нашага грамадства з'яўляецца праблема абортаў. Велізарная колькасць чалавечых жыццяў наўмысна спыняецца яшчэ да нараджэння. Неабходна, каб гэта было ўсвядомлена грамадствам як маральная, сацыяльная і дэмаграфічная трагедыя нацыянальнага маштабу.
Для таго, каб прыцягнуць увагу да праблемы і заклікаць людзей да пакаяння, у Магілёве чатыры гады запар праводзіцца хрэсны ход «За спыненне абортаў і захаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў». Стаўшы вядомым за межамі Магілёва, ён кожны раз збірае ўсё больш і больш удзельнікаў.
У гэтым годзе каля 200 чалавек, узначаленых па чарзе святарамі з магілёўскіх храмаў — іерэем Аляксіем Скобам, іерэем Уладзімірам Котавым, протаіерэем Сергіем Белавусам, іерэем Андрэем Шаварыным, — з пакаяннымі малітвамі прайшлі праз увесь горад, спыняючыся для малебнаў у храмах і побач са спецыялізаванымі ўстановамі аховы здароўя.
Неабыякавыя людзі з многіх рэгіёнаў Беларусі прыехалі ў Магілёў, каб паўдзельнічаць у малітоўным шэсці, саборна памаліцца ў абарону жыцця і заявіць, што грамадства, якое клапоціцца аб будучыні народа і выконвае нормы маральнасці, абавязана спыніць практыку абортаў і ашчаджаць кожнае зачатае чалавечае жыццё.