Квэст «Храм мудрасці: учора, сёння, заўтра» прайшоў у Гомелі
19 сакавіка 2018З нагоды Дня праваслаўнай кнігі ў сценах Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі адбыўся гістарычны квэст «Храм мудрасці: учора, сёння, заўтра», які стаў ужо традыцыйным.
4 каманды школьнікаў не без турбот спраўляліся з інтэлектуальнымі выпрабаваннямі, шукалі падказкі ў кутках розных аддзелаў установы, умела выкарыстоўвалі інфармацыйныя рэсурсы і пазітыўна праводзілі час. Кемлівасць, спрыт, праца ў камандзе — гэтыя і іншыя якасці вызначылі пераможцу займальнай гульні.
Пасля актыўнага мерапрыемствы ў Музеі рэдкай кнігі прайшло ўрачыстае адкрыццё выставы «Вечная жамчужына мудрасці», у якім па благаславенню архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага Сцяфана прынялі ўдзел намеснік Мікольскага мужчынскага манастыра ў Гомелі архімандрыт Амвросій (Шаўцоў) і духавенства епархіі. У экспазіцыі прадстаўлены рарытэтныя выданні рэлігійнага зместу XVII — пачатку XX стагоддзяў з фондаў Гомельскай епархіі. Асаблівую ўвагу наведвальнікаў прыцягвае ўнікальны том Бібліі ХІХ стагоддзя, ілюстраваны французскім мастаком Гюставом Дарэ. Трохтомнік Бібліі з 230 гравюрамі Дарэ быў выпушчаны ў Санкт-Пецярбургу ў 1888 годзе. Свяшчэннае Пісанне, выдадзенае ў колькасці ўсяго 100 асобнікаў, адразу стала бібліяграфічнай рэдкасцю. Таксама на выставе прадстаўлены літургічныя царкоўна-служэбныя кнігі, якія забяспечваюць патрэбы Царквы: Мінеі, Трыядзіёны, Часасловы, Святцы. Экспазіцыя працягнецца да 15 красавіка.
Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выставы адбылася літаратурна-музычная канцэртная праграма ў актавай зале бібліятэкі. З цёплымі словамі прывітання да гледачоў звярнуўся архімандрыт Амвросій (Шаўцоў). Затым святар здзейсніў традыцыйную перадачу бібліятэцы кніг ад Гомельскай епархіі, а таксама ўручыў дружалюбнаму да падлеткаў Цэнтру, які дзейнічае на базе Цэнтральнай гарадской дзіцячай паліклінікі, кнігі, сабраныя дзякуючы акцыі «Падары праваслаўную кнігу». Айцец Амвросій уручыў дыпломы і прызы пераможцам і ўдзельнікам гістарычнага квэсту, павіншаваўшы дзяцей і пажадаўшы ім дасягаць самых вялікіх вяршыняў.
У завяршэнне канцэртнай праграмы старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Уладзімір Гаўрыловіч абвясціў пачатак літаратурнага конкурсу «Праваслаўе — мая надзея!», арганізаванага Гомельскай епархіяй сумесна з Гомельскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Абласны літаратурны конкурс «Праваслаўе — мая надзея!» праходзіць з 14 сакавіка па 5 верасня 2018 года. Конкурс праводзіцца для стварэння і папулярызацыі таленавітых твораў на праваслаўную тэматыку, а таксама выяўлення і падтрымкі таленавітых пісьменнікаў і аўтараў-пачаткоўцаў, якія пражываюць на тэрыторыі Гомельскай вобласці.